Інтэрнэт-бізнэс прапанаваў папраўкі да ўказа № 60

07.06.2010 09:36
Архив

Прадстаўнікі беларускага інтэрнэт-бізнэсу да дзевятага чэрвеня ўзгодняць канчатковы тэкст звароту ў Адміністрацыю прэзыдэнта і ўрад з нагоды ўнясення паправак ва ўказ № 60. Сутнасць прапановаў інтэрнэт-бізнэсу па карэкціроўцы новага заканадаўства зводзіцца да пяці асноўных пунктаў.

У першую чаргу, прадстаўнікоў бізнэс-супольнасці не задавальняе патрабаванне ўказа аб тым, што юрасобы павінны выкарыстоўваць пры працы ў інтэрнэце толькі інфармацыйныя сеткі, сістэмы і рэсурсы нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт, размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, перадае electroname.com.

На думку бізнэсоўцаў, усталяванне такіх жорсткіх рамак з’яўляецца недапушчальным ва ўмовах сённяшняй разнастайнасці тэхналогій і хуткасці развіцця інтэрнэту і адназначна прывядзе да сыходу ў цень інавацыйных праектаў. Такія патрабаванні бізнэс-супольнасць лічыць прымальнымі толькі для інтэрнэт-рэсурсаў дзяржорганаў, арганізацый і прадпрыемстваў, якія належаць дзяржаве.

Стымуляванне ж выкарыстання інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў нацыянальнага сегменту сеткі інтэрнэт, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, лічаць прадстаўнікі бізнэсу, павінна адбывацца за кошт патаннення трафіку.

Акрамя таго, беларускі інтэрнэт-бізнэс заклікае ўлады адмяніць рэгістрацыю сайтаў фізічных асобаў і ажыццяўляць рэгістрацыю інтэрнэт-сайтаў юрасоб па заяўным прынцыпе. Адказнасць ж за дакладнасць названых пры рэгістрацыі сайтаў звестак цалкам нясе яго ўладальнік, адзначаюць аўтары звароту.

Таксама бізнэс не задавальняе складанасць працэдуры рэгістрацыі сайтаў і вялікая колькасць пунктаў у анкеце. Спрасціць яе прапаноўваецца шляхам, напрыклад, ўвязкі рэгістрацыі сайтаў з нумарам падаткаплацельшчыка.

У заключэнне бізнэс-супольнасць заклікае ліквідаваць супярэчнасць нормаў указа № 60, які прадугледжвае толькі абавязковую ідэнтыфікацыю абаненцкіх прыладаў, і пастановаў урада па абавязковай ідэнтыфікацыі карыстальнікаў, што фактычна ўводзіць забарону на публічныя Wi-Fi кропкі.