НТВ паказаў трэцюю частку скандальнага фільму пра Лукашэнку

16.08.2010 12:31
Архив Редакция

Расійскі тэлеканал НТВ у вячэрнім эфіры 15 жніўня паказаў трэцюю частку свайго скандальнага фільму пра прэзідэнта Беларусі «Хросны бацька». Журналісты прысвяцілі яе спробам раскрыць крыніцы даходаў сям'і Аляксандра Лукашэнкі, а таксама псіхічнаму здароўю беларускага лідара.

Па дадзеных расійскага тэлеканала, сям’я прэзідэнта Беларусі атрымлівае грошы ад транзіту, рээкспарту тавараў у Расію, канфіскату, рэкету беларускага прыватнага бізнэсу і алігархаў (у прыватнасці, Юрыя Чыжа і Уладзіміра Пяфціева). Маёмасць сям’і Аляксандра Лукашэнкі журналісты НТВ ацанілі ў 8-10 млрд. даляраў.

У «Хросным бацьку-3» таксама прыводзіцца відэа допыту бізнэсоўца Малачко, які назваў следчай Святлане Байковай, якая знаходзіцца зараз у СІЗА КДБ, нібыта датычных да мытнай кантрабанды высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

У фільме таксама паказаныя інтэрв’ю збеглага з Беларусі былога начальніка ўпраўлення МУС па барацьбе з карупцыяй Вячаслава Дудкіна, дэпартаванага расійскага прадпрымальніка Алана Пліева, намеснік дырэктара Інстытута краін СНД, члена расійскага Савета па нацыянальнай стратэгіі Уладзімір Жарыхіна, былога супрацоўніка пракуратуры і праваабаронца Алега Волчака, а таксама прыводзяцца вытрымкі з заключэння псіхіятара Дзмітрыя Шчыгельскага, які паставіў 10 гадоў таму прэзідэнту Беларусі дыягназ «мазаічная псіхапатыя».

У «Хросным бацьку-3» не абышлося і без «ляпаў». У прыватнасці, расійскія журналісты заявілі, што лідар кампаніі «Гавары праўду!», паэт Уладзімір Някляеў быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, хаця на самой справе ён цяпер знаходзіцца на радзіме.

Беларускія тэлегледачы, за выключэннем тых, у каго ёсць спадарожнікавыя талеркі, фільм «Хросны бацька-3» не ўбачылі — замест яго ў вячэрнім эфіры «НТВ-Беларусь» паказвалі фільма пра актора Міхаіла Баярскага.

Как вам новость?
Головоломки