Інвестпартфель форуму ў Магілёве склаў 500 млн. даляраў

08.10.2010 11:42
Архив Редакция

Інвестыцыйны партфель V Міжнароднага інвестыцыйнага форуму, які прайшоў у Магілёве 7 кастрычніка, склаў каля 500 млн. даляраў. Як паведаміў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Віктар Некрашэвіч, прыкладна на такую суму ўдзельнікі форуму падпісалі дамоваў, пагадненняў і пратаколаў намераў.

«Можна сказаць з поўнай упэўненасцю, што нашы чаканні ад інвестфоруму цалкам апраўдаліся, паколькі цікавасць да яго з боку дзелавых колаў, у тым ліку замежных дзяржаў, была павышанай. У параўнанні з папярэднім мерапрыемствам колькасць удзельнікаў павялічылася ў паўтара разы, а выніковы інвестыцыйны партфель вырас удвая», — распавёў Віктар Некрашэвіч.

«Мы ўпэўнены, што гэта неканчатковы вынік. Бо падобныя мерапрыемствы заўсёды працуюць на перспектыву, абмеркаванне інвестпрапаноў будзе працягвацца і найдалей, прапрацоўвацца больш дэталёва пытанні іх рэалізацыі», — дадаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

Сярод найбольш буйных і перспектыўных інвестыцыйных праектаў, аб рэалізацыі якіх здолелі дамовіцца ўдзельнікі форуму, — стварэнне ветрапарку ў Горках, стварэнне ляснога кластара ў Магілёўскай вобласці з удзелам літоўскага капіталу, а таксама будаўніцтва біягазавых комплексаў у Шклоўскім, Магілёўскім раёнах і Бабруйску, перадае БелТА.

Усяго ў міжнародным форуме ў Магілёве прыняло ўдзел больш за 300 прадстаўнікоў дзелавых колаў Беларусі і 20 краін. Удзельнікі прадставілі больш за 50 інвестпраектаў на агульную суму каля трох мільярдаў даляраў.

Как вам новость?
Головоломки