ІП гатовыя за свой кошт забяспечыць выбаркамы празрыстымі скрынямі

11.11.2010 15:52
Архив Редакция

Лідар грамадскай кампаніі "Гавары праўду!", патэнцыйны кандыдат на пост прэзідэнта Уладзімір Някляеў заклікаў беларускіх прадпрымальнікаў за свой кошт вырабіць празрыстыя скрыні для галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Кошт адной скрыні, па папярэдніх падліках, не перавысіць 100 даляраў. Ініцыятыву палітыка падтрымалі ўжо многія індывідуальныя прадпрымальнікі Беларусі.

Сярод тых, хто падтрымаў ініцыятыву Уладзіміра Някляева, старшыня аргкамітэта па стварэнні аб’яднання «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў, яго намеснік Віктар Калей і старшыня Каардынацыйнага камітэта індывідуальных прадпрымальнікаў Мінска Алесь Макаеў.

Віктар Гарбачоў паведаміў, што ў Магілёве, Фаніпалі, Мінску, Барысаве, Брэсце, Уздзе прадпрымальнікі ўжо вырабілі празрыстыя скрыні. Кошт адной скрыні, паводле яго слоў, залежыць ад мясцовасці: чым больш горад, тым даражэйшая скрыня. Сярэдні кошт адной скрыні складзе каля 50-60 долараў, перадае «Беларускі партызан».

У сваю чаргу каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Сяргей Калякін адзначыў, што «цана пытання іншая». Так, у Беларусі каля 6,5 тыс. выбарчых участкаў, на кожным з іх павінны быць дзве вялікія скрыні і тры пераносныя. Нават калі адна скрыня абыдзецца ў 100 даляраў, каб забяспечыць краіну скрынямі, спатрэбіцца 2,5 млн. даляраў, адзначыў каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары». «Для самавітага бізнэсмэна — гэта не сума, па вялікім рахунку. Для дзяржавы — наогул няма аб чым гаварыць. Гэта сведчыць аб тым, што дзяржава проста не жадае забяспечыць выбары празрыстымі скрынямі», — заявіў Сяргей Калякін.

Актывісты 11 лістапада накіравалі зварот прадстаўнікам бізнес-структур, прыватным прадпрыемствам і індывідуальным прадпрымальнікам, з заклікам аказаць матэрыяльную дапамогу выбарчым камісіям па месцы знаходжання прадпрыемстваў (або па месцы жыхарства прадпрымальнікаў) у набыцці празрыстых скрыняў для галасавання або вырабіць іх за кошт уласных сродкаў.

«Людзі бізнесу як ніхто іншы разумеюць неабходнасць пераменаў у нашым грамадстве. Пераменаў, якія могуць адбыцца ў выніку правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў прэзідэнта», — падкрэсліваецца ў звароце.

Па словах актывістаў, празрыстыя «скрыні не вырашаць усю праблему даверу да вынікаў галасавання, аднак стануць сімвалам празрыстасці працэсу і першым крокам да сапраўдных, празрыстым выбараў».

Як раней перадаваў Тэлеграф, 1 лістапада старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла пра тое, што ЦВК рэкамендаваў выбаркамам выкарыстоўваць празрыстыя скрыні для галасавання. Па словах кіраўніка ЦВК, перашкодай для гэтага можа быць толькі адсутнасць сродкаў. Выкарыстоўваць у Беларусі празрыстыя скрыні з-за мяжы забаронена, падкрэсліла Лідзія Ярмошына. Гэта стала афіцыйным адказам ЦВК на адпаведную прапанову патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, лідэра кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева. Рэспубліцы, згодна з заканадаўствам, не можа аказвацца гуманітарная дапамога з-за мяжы, звязаная з правядзеннем выбараў ці рэферэндумаў, растлумачыла старшыня ЦВК.

Раней Уладзімір Някляеў выступіў з прапановай прывезці празрыстыя скрыні з-за мяжы, а таксама заяўляў, што яго каманда мае намер «дамагацца заканадаўчага замацавання ў Выбарчым кодэксе РБ нормы, згодна з якой выкарыстанне празрыстых скрыняў для галасавання будзе абавязковым на кожным выбарчым участку краіны».

Как вам новость?