ПА АБСЕ рыхтуе чарговую рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі

15.06.2011 09:31
Архив Редакция

У аўторак, 14 чэрвеня, у Капенгагене (Данія) адбылася сустрэча прадстаўнікоў працоўнай групы па Беларусі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, на якой бакі выпрацавалі агульны падыход да пытанняў садзейнічання правам чалавека ў Беларусі. Працоўная група распрацавала рэзалюцыю па сітуацыі ў краіне, якая будзе прадстаўлена для галасавання на штогадовай сэсіі ПА АБСЕ, якая пачне сваю працу 6 ліпеня ў Бялградзе.

У сустрэчы ў Капенгагене ўзялі ўдзел парламентарыі ад Нямеччыны (Ута Цапф, кіраўнік групы), Італіі (Клаўдыё Д’Аміка), Польшчы (Павел Панцілюш) і Літвы (Вілія Алекнайце-Абрамікене), паведамілі ў АБСЕ.

Парламентарыі чарговы раз заклікалі ўлады Беларусі неадкладна вызваліць асуджаных за дэманстрацыю 19 снежня апазіцыянераў.

«Утрымліваючы ў турме апазіцыйных дзеячаў і адмаўляючыся выдаваць візы міжнародным экспертам і праваабаронцам, Мінск зноў і зноў выказвае сваю прыхільнасць да аўтарытарнай ізаляцыі. Мы спадзяемся, што ўлады зменяць курс», — адзначыла падчас сустрэчы Ута Цапф.

Распрацаваная рэзалюцыя, па словах кіраўніка працоўнай групы, накіраваная на аднаўленне дыялогу з беларускімі ўладамі. У дакуменце ўтрымліваецца заклік вызваліць асуджаных па «справе 19 снежня», даць ім магчымасць атрымліваць медыцынскую і юрыдычную дапамогу, сустракацца з роднымі, а таксама дазволіць уезд у краіну незалежным экспертам, прызначаным ў рамках Маскоўскага механізму. Акрамя таго парламентарыі заклікаюць Мінск развіваць заканадаўства ў сферы СМІ ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязальніцтвамі краіны.

На сустрэчы працоўнай групы па Беларусі парламентарыі таксама закранулі актуальныя экалагічныя пытанні. Так, Вілія Алекнайце-Абрамікене адзначыла апраўданую занепакоенасць беларусаў і літоўцаў з нагоды будаўніцтва АЭС на мяжы дзвюх краін.

«Не чакаючы вынікаў ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе і ігнаруючы свае прававыя абавязацельствы адносна кансультацый з Літвой па планаванай АЭС, Беларусь падвяргае людзей усяго рэгіёну вялікай небяспецы», — лічыць прадстаўніца Літвы.

Як перадаваў Тэлеграф, члены ПА АБСЕ неаднаразова выступалі з рэзкай крытыкай дзеянняў беларускіх уладаў у дачыненні да ўдзельнікаў акцыі пратэсту, якая прайшла ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў. Па «справе 19 снежня» ўжо асудзілі 41 чалавека, у тым ліку пяць былых кандыдатаў у прэзідэнты.

Как вам новость?
Головоломки