Па факце выбуху ў метро распачалі крымінальную справу за халатнасць

25.04.2011 15:41
Архив Редакция

Кіраўнік міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў 25 красавіка паведаміў, што па факце выбуху ў мінскім метро праваахоўныя органы ўжо распачалі крымінальную справу за халатнасць. Па словах міністра, да крымінальнай адказнасці могуць прыцягнуць аднаго з супрацоўнікаў станцыі метро "Фрунзенская", а ў рамках крымінальнай справы суд дасць ацэнку ўсім асобам вінаватым у тым, што адбылося.

«Не варта забываць пра тых, хто абавязаны быў кантраляваць працу падначаленых. Гэта значыць з улікам функцыянальных абавязкаў будзе давацца прававая ацэнка кожнай службовай асобе», — заявіў Анатоль Куляшоў у ходзе анлайн-канферэнцыі на сайце Белдзяржтэлерадыёкампаніі.

Міністр унутраных спраў паведаміў, што МУС ўжо правяло тры службовыя праверкі. «Хочам, каб усё было бесстароннім, каб рашэнне выносілася аб’ектыўна, і каб міліцыю не абвінавацілі ў тым, што яна зацікаўлена пакрыць сваіх падначаленых і такім чынам мінімізаваць магчымыя наступствы для асобных супрацоўнікаў», — заявіў кіраўнік ведамства.

«Я даслаў матэрыялы праверак кіраўніку следчай групы, якая ў рамках альбо гэтай крымінальнай справы (але хутчэй за ўсё, будуць ўзбуджаць іншыя крымінальныя справы) дасць ацэнку дзеянням тых, хто павінен і быў абавязаны папярэдзіць магчымасць праносу выбуховай прылады ў метрапалітэн», — растлумачыў Анатоль Куляшоў.

Кіраўнік МУС таксама заявіў, што беларускае грамадства вынесла ўрок з трагічных падзей на станцыі метро «Кастрычніцкая». «Мы і раней казалі, і цяпер паўтару, трэба быць больш акуратнымі ва ўзаемаадносінах, выяўляць, дзе гэта неабходна, асцярожнасць. Не празмерную, без перабору, але ў рамках разумнага. Каб можна было зарыентавацца ў той ці іншай сітуацыі па тых працэсах, што адбываюцца», — адзначыў Анатоль Куляшоў.

Ён таксама заклікаў беларусаў праяўляць актыўную грамадзянскую пазіцыю. «Ці то ты знаходзішся сярод вялікай колькасці людзей у абмежаванай прасторы, ці то ты заўважыў які-небудзь падазроны прадмет. Панікаваць, вядома, не трэба, але даць інфармацыю ў адпаведную службу — гэта абавязак кожнага чалавека, яго грамадзянская пазіцыя. Прычым, гэта павінна быць актыўная грамадзянская пазіцыя, якая дазваляе ўсім нам адчуваць адказнасць за кожнага, адчуваць, што мы не абыякавыя да таго, што можа адбыцца. Кансалідуючыся, мы зможам забяспечыць той парадак, тую стабільнасць у краіне, якая была, ёсць і, па сутнасці, застаецца», — адзначыў кіраўнік МУС.

Как вам новость?
Головоломки