Па Гомелі пранеслі крыж у памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій

08.11.2010 12:59
Архив Редакция

У Гомелі 6 лістапада прайшла акцыя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Яе ўдзельнікі пранеслі па цэнтральных вуліцах Гомелю трохметровы драўляны праваслаўны крыж і ўсталявалі яго ў лесе за горадам на месцы масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. У цэлым за час акцыі яе ўдзельнікі ад пачатку шэсця да месца ўстаноўкі крыжа прайшлі пешшу каля 15 кіламетраў.

Па шляху актывісты рабілі прыпынкі ў памятных месцах — там, дзе да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года знаходзіліся праваслаўная царква і каталіцкі касцёл, а таксама ў месцы, дзе падчас Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся фашысцкі канцлагер, перадае БелаПАН.

Як распавёў адзін з удзельнікаў акцыі, бард Андрэй Мельнікаў, акцыя наўмысна праходзіла ў бацькоўскую Змітраўскую суботу — дзень, калі памінаюцца не толькі бацькі, але і нявінна забітыя людзі. Па словах барда, згодна з гістарычнымі фактамі шматлікія масавыя расстрэлы карных органаў у савецкія часы былі прымеркаваны менавіта да гадавінаў Кастрычніцкай рэвалюцыі.

«Там, у лесе, на месцы рэпрэсій нявінных ахвяраў, пахавана людзей столькі ж, колькі загінула ў Афганістане. Але на тым месцы стаяць толькі тры крыжы. Каталікі штогод памінаюць там ахвяраў рэпрэсій, а ў праваслаўных ёсць доўг, які трэба аддаць» — растлумачыў Андрэй Мельнікаў. Крыж, усталяваны удзельнікамі акцыі, зрабіў мясцовы апазіцыйны актывіст Кастусь Жукоўскі.

Удзельнікаў акцыі суправаджалі супрацоўнікі міліцыі, упраўлення грамадскага парадку УУС, а таксама невядомыя фатографы і аператары ў цывільным, якія здымалі ўсё, што адбываецца. Двойчы да актывістаў, якія нясуць крыж, сярод якіх былі каардынатары па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўген Якавенка і Юры Клімовіч, падыходзілі прадстаўнікі ўлады.

Как вам новость?
Головоломки