Па ўсёй Беларусі пачалі забараняць наведванне лясоў

29.07.2010 14:55
Архив Редакция

Анамальна высокая тэмпература паветра, навальніцы і штармавы вецер справакавалі ў Беларусі ўзнікненне і распаўсюджванне лясных і тарфяных пажараў. "Каб прадухіліць лясныя і тарфяныя пажары і забяспечыць бяспеку насельніцтва, у Віцебскай, Гарадзенскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях ўведзена забарона на наведванне лясоў", — паведамілі ў міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі.

Адпаведныя рашэнні прынятыя раённымі выканаўчымі камітэтамі. У Віцебскай вобласці наведванне лясоў абмежавана каля Віцебску, Полацку, Ліёзна, Суражу і Дрэтуні. У Гарадзенскай — каля Горадні і Скідалю, у Гомельскай — у Жлобінскім раёне. У Магілёўскай вобласці — амаль ва ўсіх раёнах, распавялі ў мінлясгасе.

Адносна спакойнае становішча захоўваецца ў лясах Мінскай і Берасцейскай абласцях. Тут забароны на наведванне лясоў не ўводзіліся.

У перыяд забароны перакрываюцца ўсе шлагбаўмы на дарогах, якія вядуць у лес, пры неабходнасці ўстанаўліваюцца дадатковыя. Забараняецца выпальванне сухой травы, іржышча, пасечаных рэшткаў у лясах, на палях і лугах.

Згодна з арт. 15.29 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфянішчах, што пацягнула знішчэнне або пашкоджанне лесу або тарфянікаў, цягне накладанне штрафу ў памеры ад дваццаці пяці да пяцідзесяці базавых велічыняў. Парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках альбо забароны на іх наведванне, якое не выклікала прычынення шкоды, цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да дваццаці пяці базавых велічыняў.

Згодна з Артыкулам 15.58. Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях распальванне вогнішчаў у забароненых месцах цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да дванаццаці базавых велічынь.

Па стане на раніцу 29 ліпеня ў лясах рэспублікі адбылося 388 лясных і тарфяных пажараў. Пацярпелі 233,45 гектараў зямель ляснога фонду. Больш за ўсё выпадкаў адбылося ў лясах Гомельскай вобласці — 146 пажараў на плошчы 58 гектараў.

Как вам новость?
Головоломки