Па ўсёй Беларусі прайшлі вобшукі ў апазіцыянераў

19.05.2010 09:28
Архив Редакция

Масавыя вобшукі прайшлі 18 траўня ў прадстаўнікоў дэмакратычных сіл па ўсёй краіне. Таксама прайшлі ператрусы ў мінскім офісе кампаніі "Гавары праўду!" і на кватэрах яе актывістаў. Па неафіцыйнай інфармацыі, вобшукі звязаны з нейкай крымінальнай справай, якая, па звестках адных крыніц, узбуджана па факце паклёпу, а іншых — у сувязі з незаконным набыццём тэхнікі.

У міністэрстве ўнутраных спраў і Камітэце дзяржаўнай бяспекі каментаваць сітуацыю адмаўляюцца, паведамляе БелаПАН.
Як лічыць палітолаг Валеры Карбалевіч, гэта звязана з пачаткам прэзідэнцкай кампаніі. «Традыцыйна заўсёды з пачаткам прэзідэнцкай кампаніі закручваюцца гайкі, узмацняюцца рэпрэсіі. Сёлета сітуацыя не стала выключэннем, нягледзячы на тое што цяпер быццам бы ідзе дыялог з Еўропай, і ўлады павінны больш асцярожна ставіцца да такіх дзеянняў», — заявіў эксперт.
«Але, мабыць, страх перад магчымай стратай улады падчас выбараў падштурхоўвае іх на такія дзеянні, — мяркуе Валеры Карбалевіч. — Таму яны цяпер махнулі рукой на Еўропу і міжнароднае грамадскае меркаванне і будуць рэпрэсаваць, выкручваць рукі, спрабаваць задушыць усіх прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці».
Палітолаг адзначыў, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра незарэгістраваную грамадскую ініцыятыву «Гавары праўду!». Па словах эксперта, гэта дае ўладам магчымасць больш смела дзейнічаць. «Адна справа, калі пачнуць вобшукі ў офісе зарэгістраванай апазіцыйнай партыі, а іншае — у нейкай ініцыятыве, якая нідзе не зарэгістравана. Лягчэй падвесці пад артыкул, у гэтым сэнсе развязаны рукі», — адзначыў Валеры Карбалевіч. 
Па прагнозах эксперта, па меры набліжэння выбараў прэзідэнта рэпрэсіі будуць узмацняцца. «Гэта несумненна, гэта агульная заканамернасць. У дзень галасавання, магчыма, будуць дзясяткі ці сотні арыштаваных, як гэта было ў 2006 годзе», — лічыць палітолаг, дадаўшы, што «асобай рэакцыі з боку міжнароднай супольнасці не чакае».

Как вам новость?
Головоломки