Пачаўся працэс па справе актывіста кампаніі "Гавары праўду!" Башуры

11.10.2010 17:05
Архив Редакция

Суд Савецкага раёна Мінску 11 кастрычніка пачаў працэс па справе актывіста грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Міхася Башуры. Як паведаміла яго адвакатка Тамара Сідарэнка, Міхася Башуру абвінавачваюць у тым, што ён наўмысна падрабіў даведку аб сваіх даходах для атрымання яго жонкай грашовага крэдыту ў банку.

Па словах адваката, Міхасю Башуру прад’яўленыя абвінавачанні па артыкуле 380 Крымінальнага кодэксу Беларусі, прычым адразу па дзвюх частках артыкулу (падробка дакументаў у мэтах выкарыстання самім выканаўцам і тыя ж дзеянні, учыненыя групай асоб па папярэдняй змове). Дадзены артыкул прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў, паведамляе БелаПАН.

Аднак Міхась Башура сваёй віны не прызнае. «Ён сам і абарона адпрэчваюць абвінавачанні ў наўмысным падробцы даведкі. Мы лічым, што мела месца звычайная памылка: Башура памыліўся ў падліку сваіх даходаў, і гэта так. Разбіраючы справу, мы ўбачылі, што Міхась завысіў свае даходы, але пры атрыманні крэдыту яму было б больш выгодна, каб даходы апынуліся ніжэйшымі, а не вышэйшымі», — распавяла адвакатка абвінавачанага.

Разам з тым, вызвалення Міхаіла Башуры запатрабаваў Саюз беларускіх пісьменнікаў (СБП), членам якога з’яўляецца актывіст.

Акрамя таго, члены каардынацыйнага савета прадпрымальнікаў Беларусі заявілі, што арышт Міхася Башуры палітычна матываваны. Яны тлумачаць гэта тым, што вясной 2010 года мужчына вылучаўся ў якасці кандыдата ў дэпутаты Мінскага гарадскога савета ад прадпрымальніцкага блоку, а пасля стаў актыўным удзельнікам грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», якую ўзначальвае адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў.

Как вам новость?
Головоломки