Пацыенты туберкулёзнага шпіталя абвясцілі галадоўку

28.06.2010 08:55
Архив Редакция

24 чэрвеня 18 пацыентаў Рэспубліканскага туберкулёзнага шпіталя "Воўкавічы" Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, якія ўтрымліваюцца там на прымусовым лячэнні па рашэнні суда, абвясцілі галадоўку супраць ўмоваў утрымання. Пра гэта паведаміў адзін з пацыентаў Анатоль Шавяльчынскі.

Па словах пацыента, падставай да абвяшчэння галадоўкі сталася збіццё супрацоўнікамі міліцыі 23 чэрвеня шасці хворых. Нарад міліцыі прыбыў у сувязі з тым, што пацыенты «крыху выпілі і пасварыліся паміж сабой». Двух хворых, у тым ліку і Анатоля Шавяльчынскага, пасля збіцця закавалі ў кайданкі і змясцілі ў ізалятар, дзе іх трымалі без вады і ежы, паведамляе БелаПАН.

Як праінфармаваў Анатоль Шавяльчынскі, абураныя пацыенты напісалі ў пракуратуру Мінскай вобласці заяву, у якой запатрабавалі расследаваць інцыдэнт і праверыць ўмовы ўтрымання ў шпіталі.

У шпіталі існуе мноства неапраўданых абмежаванняў, у тым ліку на цыгарэты, цукар, гарбату, прагляд тэлевізара, выкарыстанне тэлефона, лічыць Анатоль Шавяльчынскі. На тэрыторыі лякарні няма крамы, таму пацыенты не могуць набыць нават туалетную паперу і мыла. Хворым не выдаюць пенсію, пазбаўляюць спатканняў і нават неабходнага лячэння, у выніку чаго многія пацыенты не могуць палячыць зубы ці зрабіць неабходныя аналізы. «Мы цалкам пазбаўленыя правоў і жывем тут як жывёлы», заявіў Анатоль Шавяльчынскі.

Ён таксама параўнаў ўтрыманне ў шпіталі з лагерным. Па яго словах, шпіталь акружае калючы дрот, а ахоўнікі ўзброеныя. Анатоль Шавяльчынскі таксама сцвярджае, што не рэдкія выпадкі збіцця пацыентаў.

У той жа час лекар туберкулёзнага шпіталя Надзея Цюхай лічыць, што скаргі пацыентаў «шмат у чым неабгрунтаваныя». Па яе словах, ахова ўмешваецца ў справы хворых толькі па выкліку медпрацаўнікоў. Сілу ахова ужывае толькі ў выпадках, калі існуе пагроза жыццю супрацоўнікаў або хворых, у тым ліку пры бойках.

Як патлумачыла доктарка, пацыенты маюць асабістыя рэчы, а абмежаванні на выкарыстанне некаторых прадуктаў і рэчаў патлумачыць, бо, хворым на сухоты супрацьпаказана курэнне і ўжыванне алкаголю. Па словах жа Надзеі Цюхай, цукар і цукеркі абмежаваныя, бо пацыенты робяць з іх брагу.

Как вам новость?
Головоломки