Пад Берасцем знайшлі расчлянёны труп жыхара Гомельскай вобласці

12.07.2010 11:52
Архив Редакция

Расчлянёны труп жыхара адной з вёсак Гомельскай вобласці знойдзены ў Берасцейскім раёне. Мужчына знік без вестак у траўні 2010 года, не вярнуўшыся з паездкі ў Берасце, дзе ён збіраўся набыць аўтамабіль, паведамілі ў Генпракуратуры.

Берасцейскія аператыўнікі знайшлі паблізу вёскі Ваўкі закапаныя ў зямлю расчлянёныя парэшткі зніклага мужчыны, паведамляе БелТА.
 
Як патлумачылі ў пракуратуры, мужчына выехаў у Берасце 15 траўня, каб купіць там аўтамабіль, і знік. Гомельскі РАУС узбудзіў па факце ягонага знікнення без вестак крымінальную справу.

18 чэрвеня супрацоўнікі ўнутраных спраў затрымалі жыхара Берасця. У іх былі падставы падазраваць яго ў забойстве зніклага мужчыны з карыслівых памкненняў: у патэнцыйнага пакупніка машыны была з сабой буйная сума грошай.

У дачыненні да затрыманага Берасцейская абласная пракуратура распачала крымінальную справу па ч.2 арт.139 «Забойства» КК Беларусі, вядзецца следства. Максімальнае пакаранне, якое пагражае падазраванаму ў выпадку прызнання ягонай віны, — смяротнае пакаранне ці пажыццёвае зняволенне.

Как вам новость?
Головоломки