Пад Лагойскам шэсць чалавек заразіліся шаленствам на ферме

14.07.2010 09:17
Архив Редакция

Шэсць супрацоўнікаў малочнай фермы сельгаскааператываў "СПБ-Агра" у вёсцы Бабры Лагойскага раёна заразіліся шаленствам. Самі заражаныя аб сваёй хваробе даведаліся выпадкова, калі медыкі выявілі шаленства ў забітага цяляці. Як высветлілася, яго пакусала лісіца, але гэтага ніхто не заўважыў.

Шаленства пакусанага лісіцай цяляці пацвердзілі ў лабараторыі. Таму людзі, якія з ім кантактавалі — кармілі яго, мелі прамы кантакт са скурай — падлягаюць лячэнню. «Бо ніхто не дасць гарантыі, што ў іх не было мікратраўмаў скуры. Таму ім трэба правесці абавязковы прафілактычны курс», — распавёў загадчык хірургічнага аддзялення Лагойскай раённай лякарні Яўген Шамшур.

У цяперашні час хворыя адчуваюць сябе нармальна, але некаторы час ім давялося правесці ў шпіталі, дзе яны атрымлівалі прышчэпкі ў стацыянары, паведамляе «Еўрапейскае радыё для Беларусі».
 
«Гэты выпадак навёў на ўсіх працаўнікоў фермы перапалох. Самастойна здаваць аналізы на шаленства прыехалі нават тыя, хто блізка да хворых цялятаў не падыходзіў», — паведаміў Яўген Шамшур.

Такая павышаная асцярога небеспадстаўная. «Нават калі на вашае адзенне трапіла сліна хворае жывёліны, а вы да яе дакрануліся — гэта ўжо паказанне для прышчэпак супраць шаленства. Гэта называецца экстранай прафілактыкай шаленства», — расказала супрацоўніца інфекцыйнага аддзялення ялкарні ў Плешчаніцах.

Хворыя цяляты былі знішчаныя, аднак канкрэтных лічбаў хворых і знішчаных жывёлінаў у сельгаскааператыве «СПБ-Агра» не паведамляюць.