Пад санкцыі ЕС могуць патрапіць беларускія экспарцёры зброі

04.01.2011 16:17
Архив Редакция

Еўрапейскі саюз схіляецца да вяртання санкцый супраць уладаў Беларусі, уключаючы прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку. Сярод іншага, ЕС можа ўвесці санкцыі супраць беларускіх экспарцёраў зброі — "Белтэхэкспарту" і "Белзнешпрамсэрвіс", даходы ад дзейнасці якіх, на думку еўрапейскіх экспертаў, пералічваюцца на асабістыя рахункі беларускіх чыноўнікаў.

Таксама ўлады ЕС могуць увесці забароны на выдачу візаў беларускім чыноўнікам (уключаючы Аляксандра Лукашэнку), пашырыўшы спіс невыязных прыкладна да 100 чалавек. «Мы павінны кіравацца логікай нашай папярэдняй палітыкі. Раней, калі не было палітвязняў, мы рабілі пазітыўныя крокі. Зараз колькасць зняволеных значна ўзрасла, тыя ж, хто прымаў удзел у тым, што адбываецца, і тыя, хто з імі супрацоўнічаў, павінны абавязкова вярнуцца ў спіс», — заявіў кіраўнік МЗС Швецыі Карл Більт у інтэрв’ю EUObserver.

Акрамя таго, Еўрасаюз разглядае магчымасць спынення ўсіх праектаў з беларускімі ўладамі, выключэння Беларусі з ініцыятывы «Усходняе партнёрства». Разам з тым, плануецца аказаць буйнамаштабную дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці: працягнуць фінансаванне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, адмяніць візы для маладых беларусаў, студэнтаў, выкладчыкаў, прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый.

ЕС прызнае вынікі выбараў

У той жа час пазіцыя краін-членаў ЕС не з’яўляецца адзінай. Так, Чэхія заклікае ўвесці санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў ужо 12 студзеня, Нямеччына і Швецыя аддаюць перавагу пачакаць да пасяджэння 31 студзеня. Некаторыя краіны ў сваю чаргу асцерагаюцца ўзмацнення ўплыву Масквы на Мінск у выпадку ізаляцыі Беларусі.

Акрамя таго, крыніца ў еўрапейскім дыпламатычным ведамстве адзначыла, што ЕС наўрад ці пойдзе на непрызнанне выбараў у Беларусі, нягледзячы на сведчанні аб тым, што Аляксандр Лукашэнка не набраў дастаткова галасоў для перамогі ў першым туры. Як падкрэсліў Карл Більт, рэакцыя прэзідэнта Беларусі на падзеі на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня выкліканая «прыніжэннем» з-за паразы ў першым туры, а не якім-небудзь стратэгічным рашэннем.

«Не думаю, што ў яго вялікі ўплыў або падтрымка ў Маскве. Мне здаецца, ён павярнуўся спінай да ўсіх. Адназначна, ён павярнуўся спінай да Захаду», — лічыць кіраўнік МЗС Швецыі.

Как вам новость?
Головоломки