Падатковая адклікала іск аб ліквідацыі "Палонікі"

12.10.2010 11:22
Архив Редакция

Падатковая інспекцыя Ленінскага раёна Горадні адклікала свой іск у дачыненні да фірмы "Палоніка". Пра гэта стала вядома перад самым пачаткам пасяджэння ў гаспадарчым судзе Гарадзенскай вобласці. Супрацоўнікі падатковай службы адклікалі іск без усялякіх тлумачэнняў і ад каментароў на судовым пасяджэнні адмовіліся.

Як распавёў актывіст незалежнага Саюза палякаў Беларусі Андрэй Пачобут, каля будынка суда сабралася каля сотні членаў арганізацыі. Разам з тым, адмова ўладаў ад іскавай заявы, па словах Андрэя Пачобута, стаў нечаканасцю не толькі для актывістаў СПБ.

«Аб тым, што рашэнне было адклікана ў апошні момант, сведчыць факт, што ў зале суда прысутнічаў антыкрызісны кіраўнік, якога павінны былі прызначыць. Калі пачынаецца ліквідацыя, банкруцтва фірмы, то прызначаецца антыкрызісны кіраўнік. Ён прысутнічаў, і ў яго на твары было напісана здзіўленне, што абсалютна ўсё перайграна па-іншаму», — распавёў Андрэй Пачобут.

У той жа час, актывіст СПБ лічыць, што цяперашняе рашэнне з’яўляецца толькі тактычнай перамогай, а не стратэгічнай, і новы іск на фірму могуць падаць у любы момант, бо яго не анулявалі, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Разам з тым, Анжаліка Арэхва, выканаўца абавязкаў старшыні незарэгістраванага СПБ, заявіла, што фірма будзе працаваць у звычайным рэжыме і кіраваць ёй па-ранейшаму будзе Анжаліка Борыс.

Як перадаваў Тэлеграф, беларускія ўлады раней адмовілі ў рэгістрацыі фірме і аштрафавалі яе кіраўнікоў за тое, што фірма атрымлівала грошы з Польшчы на культурна-асветніцкую дзейнасць. Суд палічыў, што іх трэба было афармляць як гуманітарную дапамогу.

Как вам новость?
Головоломки