Пафала: Беларусь далёкая ад свабодных выбараў

04.11.2010 12:41
Архив Редакция

Кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі, федэральны міністр па асобых даручэннях Рональд Пафала лічыць, што Беларусь, як і раней, далёкая ад свабодных выбараў. Пра гэта германскі міністр заявіў 4 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Нягледзячы на гэта, па словах міністра, цяперашняя перадвыбарчая кампанія ў Беларусі характарызуецца значна большай свабодай.

Германскі міністр адзначыў, што падчас цяперашняй перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі ўладам удалося забяспечыць мінімальныя стандарты, якія гарантуюць правядзенне свабодных выбараў. Сярод іх нямецкі міністр назваў адсутнасць перашкодаў пры рэгістрацыі кандыдатаў, збалансаванасць ў складзе выбарчых камісій, а таксама допуск назіральнікаў, перадае журналіст Тэлеграфа.

У той жа час Рональд Пафала адзначыў, што параўноўваць беларускія выбары са стандартамі іншых еўрапейскіх краін нельга. Сітуацыя ў Беларусі моцна адрозніваецца. «За некалькі месяцаў да выбараў не ведаць кандыдатаў — гэта вялікі недахоп, на які трэба звярнуць увагу», — адзначыў сярод іншага германскі міністр.

Разам з тым Рональд Пафала лічыць, што паляпшэнні ўжо ёсць. «Сёння мы бачым станоўчае развіццё, але ўсё роўна застаемся пры думцы, што нармальных прынцыпаў для свабодных выбараў тут няма. Беларусь, як і раней, далёкая ад свабодных выбараў у тым сэнсе, як мы гэта разумеем», — падкрэсліў нямецкі міністр.

Рональд Пафала адзначыў, што Еўропа будзе сачыць за сітуацыяй, у тым ліку кантраляваць магчымыя парушэнні праз міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ. Канкрэтная ж рэакцыя Еўропы, па словах Рональд Пафала, будзе залежаць ад дэталяў выбараў, ад таго, якія парушэнні будуць зафіксаваныя, калі такія будуць мець месца.

Пафала: за Лукашэнкам трэба сачыць

У найбліжэйшыя тыдні, па словах Рональд Пафала, трэба будзе глядзець, наколькі дзейны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка будзе гатовы дапусціць дэмакратычнае развіццё перадвыбарчай сітуацыі ў краіне, і рэагаваць адпаведна.

«Мы заўсёды вялі адкрыты дыялог з беларускім урадам. Я ніколі не ўвільваю ад прамых выказванняў. Мы ніколі асабліва не любезнічалі з прадстаўнікамі ўлады, а выказвалі тое, што з’яўляецца прадметам крытыкі», — заявіў Рональд Пафала.

«Еўропа будзе і надалей аналізаваць падзеі ў Беларусі. Мы маем намер, у тым выпадку, калі правядзенню свабодных выбараў у краіне будуць сур’ёзна перашкаджаць, у рамках сваіх палітычных магчымасцяў, адпаведна рэагаваць на гэтыя парушэнні», — растлумачыў федэральны міністр Германіі. Пры гэтым рэакцыя, па яго словах, можа быць самай рознай, нават да звядзення да мінімуму палітычных кантактаў.

Журналісту Тэлеграфа таксама стала вядома, што Рональд Пафала плануе ў наступным годзе зноў наведаць Беларусь. Міністр не ўдакладніў дакладных тэрмінаў візіту. Ён адзначыў, што тады можна будзе казаць пра тое, наколькі дэмакратычна прайшлі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, і вызначаць, якой павінна быць палітычная рэакцыя Еўропы.

«Я не маю намеру спыняць наяўныя палітычныя кантакты. Наадварот, я перакананы, што іх неабходна і далей інтэнсіфікаваць. Я бачу развіццё ў грамадзянскай супольнасці, у няўрадавых арганізацыях тут і ў апазіцыі. Усё гэта натхняе мяне на тое, каб, нягледзячы на адмоўныя ўмовы працы, аказваць ім падтрымку», — рэзюмаваў Рональд Пафала.

Датычна жадання апазіцыйных прэтэндэнтаў Беларусі аб’яднаць свае сілы і высунуць адзінага кандыдата, Рональд Пафала адзначыў, што падобныя рашэнні павінны прымаць самі прэтэндэнты, бо любое ўмяшанне ва ўнутраныя справы незалежнай краіны не прымальнае.

Пафала: на свабодных выбарах павінен быць плюралізм апазіцыі

«Свабодныя выбары не вызначаюцца тым, што ў выніку вылучаюцца два кандыдаты — дзейны прэзідэнт і альтэрнатыўны кандыдат ад апазіцыі. Свабодныя выбары прадушледжваюць вялікую колькасць кандыдатаў. Гэта — праява плюралізму ў апазіцыі», — адзначыў германскі міністр.

Аднак, Рональд Пафала таксама падкрэсліў, што ён не лічыць, што «апазіцыя моцная толькі ў тым выпадку, калі яна мае адзінага кандыдата».

На думку нямецкага міністра, пытанне з вылучэннем адзінага кандыдата будзе залежаць ад таго, ці змогуць прадстаўнікі апазіцыі дамовіцца аб сумеснай платформе, каб сфармуляваць нейкія мінімальныя патрабаванні, агульныя для апазіцыйных кандыдатаў.

Роля  ж Расіі ў цяперашніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, на думку Рональда Пафала, можа быць толькі ўскоснай. Тры тыдні таму германскі міністр наведаў Маскву з афіцыйным візітам. Паводле яго слоў, у Расіі змяніўся падыход у дачыненні да Беларусі, а менавіта тое, як прадстаўнікі ўлады кажуць адзін пра аднаго. Аднак германскі міністр не стаў даваць ацэнку таму, наколькі моцныя будуць гэтыя ўплывы.

«Змяніўся палітычны клімат. Але ўсё залежыць ад таго, як беларускае насельніцтва ўспрыме выказванні расійскіх палітыкаў», — адзначыў Рональд Пафала.

Как вам новость?
Головоломки