Паганяйла: дзяржСМІ спрабуюць апраўдаць жорсткасць да апазіцыі

11.01.2011 12:15
Архив Редакция

Кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту (БХК) Гары Паганяйла заявіў, што афіцыйныя СМІ памылкова падаюць гледачам інфармацыю аб падзеях 19 снежня ў Мінску, каб "апраўдаць жорсткасці і неадэкватнае ўжыванне сілы ў дачыненні да мірных дэманстрантаў". Акрамя таго, юрыст БХК лічыць, што такім чынам улада спрабуе паралізаваць волю апазіцыі да супраціву.

Кажучы пра фільм «Плошча. Жалезам па шкле» аб падзеях 19 снежня ў Мінску, знятым афіцыйнымі СМІ, Гары Паганяйла адзначыў, што ён фактычна з’яўляецца выкананнем задання прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае Euramost.org.

«Гэта звычайная гебельсаўская прапаганда, сфальсіфікаваная сітуацыя, падзеі, якім надаецца зусім не той характар, які быў насамрэч. Ва ўладаў сёння настрой такі, каб нагнятаць як мага больш страху ў грамадстве, як мага больш сказіць самі падзеі. У страху ўладаў вочы надмерна вялікія, таму яны фантазіруюць сабе штосьці абсалютна незразумелае», — заявіў юрыст БХК.

Акрамя таго, юрыст БХК заявіў, што на арыштаваных удзельнікаў мітынгу спрабуюць аказваць псіхалагічны ціск, абмяжоўваючы ім доступ да інфармацыі, у тым ліку, адмаўляючы ў спатканні з роднымі і адвакатамі і ў праве на перапіску.

Колас: фільм аб падзеях 19 снежня — правакацыйная фальшыўка

У сваю чаргу старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас лічыць, што фільм «Плошча. Жалезам па шкле» можна расцэньваць выключна як «чарговую правакацыйную фальшыўку, створаную ўладамі ў духу гебельсаўскай прапаганды», паведамляе БелаПАН. «Чым больш неверагодная хлусня, тым больш у яе вераць масы. Відавочна, што гэта правакацыя, і калі глядзець фільм з улікам таго, хто яго стварыў і ў якіх мэтах, то гэта абсалютна відавочна», — адзначыў Уладзімір Колас.

«Няма прамых доказаў таго, што на плошчы былі нейкія спланаваныя масавыя акцыі па парушэнні парадку. Ёсць нейкія падслуханыя тэлефонныя размовы, ёсць асобы некаторых удзельнікаў хуліганскіх дзеянняў і сведчанні, што гэтыя людзі маюць дачыненне да апазіцыі. Але ўвесь гэты матэрыял можа сведчыць толькі аб тым, што гэтая правакацыя была зроблена даволі ўмела і некаторыя людзі з натоўпу, якія прыйшлі выказаць мірны пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў, проста не ўтрымаліся і страцілі пачуццё адказнасці. Але гэта можна кваліфікаваць як хуліганскія дзеянні, завадатарамі якіх былі менавіта тыя, каго па БТ як раз і не паказалі», — заявіў кіраўнік РБІ.

Старшыня аргкамітэту па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу Уладзімір Навасяд лічыць, што стваральнікі фільму занялі «відавочна неаб’ектыўную пазіцыю адносна апісаных падзей». Паводле яго слоў, следчыя дзеянні па расследаванні ўсіх абставінаў мітынгу 19 снежня яшчэ не завершаны, таму рабіць высновы несвоечасова. Палітык прызнаўся, што фільм да канца ён так і не змог дагледзець — пераключыў на іншы канал, бо фільм «вельмі нізкай якасці».

Як раней перадаваў Тэлеграф, 9 снежня ў эфіры беларускага тэлебачання паказалі фільм «Плошча. Жалезам па шкле», у якім журналісты дзяржаўных СМІ выказалі сваё бачанне падзей 19 снежня ў Мінску. У ліку іншага, у фільме паказана інтэрв’ю з прэс-сакратаром Дзяржпамежкамітэту Беларусі Аляксандрам Цішчанка, які заявіў аб запланаваных ў Мінску 19 снежня тэрарыстычных актах. Серыю такіх актаў, па яго словах, збіраліся ажыццявіць спецыялісты-падрыўнікі.

Как вам новость?
Головоломки