Пагранкамітэт: забароны на выезд з Беларусі часцей, чым раз на пяць дзён, няма

13.06.2011 16:27
Архив Редакция

Інфармацыя пра тое, што беларускія аўтамабілі не прапускаюць праз мяжу, калі з моманту папярэдняй паездкі прайшло менш за пяць дзён, не адпавядае рэчаіснасці. Пра гэта Тэлеграфу заявіў начальнік прэс-цэнтра Дзяржпамежкамітэта Аляксандр Цішчанка. "Ніхто гэтыя аўтамабілі на мяжы не заварочвае", — сказаў ён.

«Проста кіроўцам прапануюць заплаціць пошліну на правоз паліва, а некаторыя з іх плаціць не хочуць — вось і едуць назад», — растлумачыў прадстаўнік ДПК.

Паводле яго слоў, колькасць перасячэнняў мяжы ніхто не абмяжоўваў. «Дакумента такога няма, новая пастанова Саўміна тычыцца толькі абмежавання вывазу аўтамабільнага паліва. Грамадзяне, якія не хочуць плаціць пошліну, могуць перасякаць мяжу на аўтобусе, цягніку — як заўгодна, хоць пешшу», — дадаў Аляксандр Цішчанка.

Яму не вядома, як менавіта на мяжы будуць правяраць колькасць паліва ў аўтамабілях. «Ва ўсялякім выпадку, аўтамабілі абсталяваныя адмысловымі датчыкамі. Ёсць і іншыя спосабы, але гэта, напэўна, лепш ў супрацоўнікаў мытні спытаць», — адзначыў прадстаўнік памежкамітэта.

Мытнікі абвяргаюць інфармацыю ДПК аб паліве

У Гарадзенскай рэгіянальнай мытні, аднак, паведамілі, што спецыяльныя праверкі колькасці паліва ў баках аўтамабіляў не прадугледжаныя. «Бяруць пашпарт грамадзяніна і глядзяць дату апошняй паездкі. Калі прайшло менш за пяць дзён — трэба заплаціць пошліну на паліва», — сказалі там.

Аднак супрацоўнікі мытні не патлумачылі, чаму часцей, чым раз на пяць дзён праз мяжу нельга праехаць, напрыклад, з 20 літрамі бензіну. «У пастанове не напісана нічога пра тое, што трэба гэта правяраць», — заўважыў супрацоўнік мытні.

Тым часам, як паведамляюць карыстальнікі блога Гродна «s13«, 12 чэрвеня беларускія памежнікі заявілі аб забароне на выезд з краіны часцей, чым раз на пяць дзён.

«Я ў сераду быў у Друскінінкаі ў аквапарку, у нядзелю паехаў у Польшчу сустрэць брата ў Беласток: у баку 20 літраў бензіну і паўпусты пачак цыгарэт у кішэні. Дык мяне не пусцілі: на мытні сказалі, што ёсць указанне не пускаць часцей, чым раз на пяць дзён, не важна, колькі паліва ў баку», — напісаў Sterol.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, з 11 чэрвеня ў Беларусі дзейнічае пастанова Саўміна № 753, паводле якой уводзяцца абмежаванні па вывазе аўтамабільнага паліва. Як распавёў начальнік упраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК Уладзімір Арлоўскі, фізасобам бяспошлінна можна вывезці з краіны праз знешнюю мяжу Мытнага саюза ў легкавым аўтамабілі «бак плюс дзесяць літраў, і не часцей за адзін раз на пяць дзён».

Как вам новость?
Головоломки