Палата прадстаўнікоў ратыфікавала памежную дамову з Польшчай

11.11.2010 13:11
Архив Редакция

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Беларусі на паседжанні 11 лістапада ратыфікавалі міжурадавую дамову з Польшчай аб правілах памежнага руху. Пра гэта паведаміў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі. Беларускі бок разлічвае, што зможа прыступіць да рэалізацыі дамовы ўжо на пачатку 2011 года.

Як раней перадаваў Тэлеграф, паводле дамовы, права на спрошчанае перасячэнне мяжы атрымаюць жыхары населеных пунктаў, размешчаных у 30-кіламетровай зоне. Таксама калі частка населенага пункта знаходзіцца паміж 30-м і 50-м кіламетрамі ад мяжы, то гэты населены пункт прызнаецца часткай памежнай тэрыторыі.

Дзеянне пагаднення распаўсюджваецца на жыхароў памежных тэрыторый, якія пражываюць там не менш за тры гады. Згодна з умовамі дамовы, для спрошчанага праходжання мяжы грамадзяне павінны атрымаць спецыяльны дазвол на памежны рух, збор за выдачу якога складзе 20 еўра, і прадставіць дакумент, які пацвярджае асобу. Дазволы выдаюцца на тэрмін ад двух да пяці гадоў і даюць права знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы да 90 дзён на працягу паўгода.

Аналагічныя дамовы Беларусь падпісала таксама з Латвіяй і Літвой.

Как вам новость?
Головоломки