Палата прадстаўнікоў разгледзіць праект закону аб амністыі

03.05.2010 18:01
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўнёс на разгляд Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праект закону "Аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў". Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кираўніка дзяржавы.

Галоўнай нагодай для ўнясення дадзенага законапраекта, як можна заключыць з яго назвы, стала хуткае святкаванне 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Па папярэдніх дадзеных, прадстаўленых Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, пад амністыю могуць патрапіць каля 2230 чалавек з выпраўленчых устаноў закрытага тыпу, каля 900 чалавек з выпраўленчых устаноў адкрытага тыпу, для 9300 асуджаных тэрмін пакарання можа быць скарочаны.

Паводле прадстаўленага законапраекту, вызваленне ад крымінальнай адказнасці і пакарання прадугледжана ў дачыненні да непаўналетніх, цяжарных жанчын, жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, асобаў пенсійнага ўзросту, інвалідаў, хворых на актыўную форму сухотаў, ВІЧ-інфікаваных, ветэранаў баявых дзеянняў, удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, асобаў, што атрымалі раненні пры выкананні абавязкаў у перыяд праходжання службы, тых, хто здзейсніў злачынствы, што не адносяцца да катэгорыі цяжкіх.

У дадатак да гэтага, ад пакарання ў выглядзе арышту, абмежавання свабоды, накіравання ў дысцыплінарную вайсковую частку, пазбаўлення волі могуць быць вызвалены таксама іншыя катэгорыі асобаў пры асуджэнні за злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі (да двух гадоў пазбаўлення волі), а таксама пры асуджэнні да арышту — незалежна ад тэрміну адбытага пакарання; за менш цяжкія злачынствы (да шасці гадоў пазбаўлення волі) — пры адбыцці не менш за адну чвэрць тэрміну пакарання, перадае БелТА.

Пры гэтым, вызваляюцца ад вышэйназваных пакаранняў часткова тэрмінам на адзін год тыя асуджаныя, якія здзейснілі іншыя катэгорыі злачынстваў і не падлягаюць вызваленню ад далейшага адбывання пакарання.

Асобы, да якіх раней ужываліся амністыя ці памілаванне і якія зноў здзейснілі наўмыснае злачынства; а таксама тыя, хто не пакрыў нанесеную злачынствамі шкоду (за выключэннем названай раней катэгорыі асобаў), злосна парушаючыя ўсталяваны парадак падчас адбывання пакарання; прызнаныя асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі; асуджаныя да пажыццёвага зняволення; тыя, каму смяротнае пакаранне ці пажыццёвае зняволенне заменены іншым відам пакарання; абвешчаныя ў вышук у сувязі з ухіленнем ад адбывання пакарання; асобы, якія стварылі злачынную арганізацыю або ўдзельнічалі ў ёй, ці здзяйснялі карупцыйныя злачынствы з карыслівых інтарэсаў; прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення; асобы, што ўчынілі забойства, згвалтаванне, разбой ці вымагальніцтва з кваліфікуючымі прыкметамі, а таксама бандытызм, тэрарызм, злачынствы супраць дзяржавы — амністыі не падлягаюць.

Как вам новость?
Головоломки