Палажанка заяўляе аб адводзе суддзі па "справе 19 снежня"

05.05.2011 15:28
Архив Редакция

У чацвер, 5 траўня, пачаўся судовы працэс экс-кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуты, Сяргея Вазняка і Насты Палажанкі. Іх судзяць як фігурантаў "справы 19 снежня". Палажанка заявіла аб адводзе суддзі Жаны Жукоўскай, суд просьбу дзяўчыны адхіліў.

Пасяджэнне праходзіць у Фрунзенскім судзе Мінску, у зале падсудныя сядзяць разам з блізкімі і журналістамі, могуць размаўляць адзін з адным і з роднымі. Падчас іншых працэсаў па «справе 19 снежня» абвінавачаныя знаходзіліся ў клетцы.

Некалькі шэрагаў у зале займаюць студэнты, якія адмовіліся назваць мэту свайго знаходжання ў судзе. Яны праігнаравалі просьбу Віталя Рымашэўскага саступіць месца родным палітыка, якія не змаглі патрапіць на паседжанне.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў заявіў, што дадзены працэс з’яўляецца палітычным і што ён не прызнае легітымнасць суддзі. Палітык назваў сітуацыю «адчайнай», а таму не пратэстуе супраць прызначанай ўладамі Жаны Жукоўскай, піша «n#####n».

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі нагадаў, што суддзя знаходзіцца ў спісе неўязных у Еўрасаюз, аднак аб адводзе суддзі заявіла толькі Наста Палажанка. Жанна Жукоўская на гэта адказала, што жаданне абвінавачанай абараніць суддзю ад удзелу ў палітычнай расправе не можа служыць прычынай замены суддзі.

Некаторыя абвінавачаныя заявілі аб сваім недаверы дзяржабвінаваўцу, аднак пагадзіліся з яго прысутнасцю. «Гэта нічога не зменіць», — адзначыла Настасся Палажанка.

Пракурор: нічога не маю супраць змены меры стрымання Някляеву

Адвакат Уладзіміра Някляева падаў хадайніцтва аб адмене хатняга арышту для свайго падабароннага, паколькі астатнія абвінавачаныя па гэтай справе знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе. Адвакат лічыць, што ўтрымліваць аднаго фігуранта пад хатнім арыштам нелагічна. Сам палітык дадаў, што з-за яго знаходжання пад хатнім арыштам на працэс не змагла патрапіць яго жонка Вольга — ахова КДБ на час працэсу працягвае знаходзіцца ў кватэры Някляева.

Пракурор заявіў, што «не мае нічога супраць змены меры стрымання» экс-кандыдату ў прэзідэнты. Аднак раней суд адмаўляў у змене Някляеву меры стрымання.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, Насту Палажанку, экс-кандыдатаў у прэзідэнты Віталя Рымашэўскага і Уладзіміра Някляева, а таксама давераную асобу Някляева Сяргея Вазняка, былога кіраўніка і сябра штаба Някляева Андрэя Дзмітрыева і Аляксандра Фядуту абвінавачваюць па ч.1 арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх). Сяргею Вазняку, акрамя таго, прад’яўленыя абвінавачанні па ч.1 арт.401 (заведама ілжывае паказанне).

Максімальнае пакаранне, якое па гэтых абвінавачанняў можа пагражаць фігурантам «справы 19 сьнежня» — тры гады пазбаўлення волі.

Как вам новость?