Палецкіс: Брусель не можа бясконца даваць шанцы Мінску

25.10.2010 12:44
Архив Редакция

Дэпутат Еўрапарламенту ад Літвы Юстас Палецкіс пракаментаваў рашэнне ЕС на год падоўжыць візавыя санкцыі ў адносінах да шэрагу беларускіх чыноўнікаў і адначасова ўвесці мараторый на іх прымяненне. «Думаю, што гэта яшчэ адзін шанец для Мінску. Трэба толькі разумець, што шанцы не могуць давацца бясконца», — адзначыў парламентарый.

«Хочацца спадзявацца, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі на гэты раз пройдуць сапраўды значна больш дэмакратычна, чым раней. Хоць, улічваючы скептычнае стаўленне вядучых апазіцыйных палітыкаў да таго, як ідзе кампанія, а таксама той факт, што афіцыйны Мінск не дэманструе відавочных крокаў у кірунку дэмакратызацыі, гэтая надзея ўяўляецца не такой ужо рэальнай», — заявіў Юстас Палецкіс, паведамляе беларуская служба Deutsche Welle.

Дэпутат Еўрапарламенту лічыць, што вяртацца да палітыкі санкцый і ізаляцыі ў дачыненні да Беларусі неэфектыўна. «Усе сем гадоў маёй працы ў Еўрапарламенце я з самага пачатку быў супраць палітыкі ізаляцыі. Час канфрантацыі ў Еўропе даўно мінуў, і толькі праз супрацоўніцтва, якое суправаджаецца, зразумела, вызначанымі ўмовамі, мы можам дамагчыся гэтага прагрэсу», — адзначыў Юстас Палецкіс.

«Тым больш, што ўжываныя ў дачыненні да Беларусі санкцыі не спрыялі дасягненню мэты, ад іх больш цярпелі паспалітыя грамадзяне, чым прадстаўнікі ўладаў. У сувязі з гэтым я заўсёды ўспамінаю, што два дзесяцігоддзі таму Захад як раз пасродкам палітыкі супрацоўніцтва, а не санкцый дамогся пераменаў у СССР», — дадаў парламентарый.

Палецкіс: я не чакаю цудаў ад выбараў у Беларусі

На думку Юстаса Палецкіса, у адносінах Беларусі і Еўрасаюза цяпер «можа праясніцца многае». «Канфлікт з Масквой, як мне здаецца, павінен прымусіць беларускае кіраўніцтва ўсвядоміць, чаго ад яго чакаюць у Бруселі, і зрабіць адпаведныя дзеянні. Я ні ў якім разе не заклікаю да канфрантацыі з Расіяй, бо аптымальны шлях для збліжэння з ЕС прадугледжвае канструктыўныя адносіны і з Бруселем, і з Масквой», — сказаў дэпутат Еўрапарламенту.

«Я ні ў якай меры не чакаю цудаў ад гэтых выбараў. Але ўсё-ткі невялікая надзея на тое, што яны прадэманструюць рух у бок Еўропы з адначасовым захаваннем добрых адносінаў з Расіяй (без усялякіх прапагандысцкіх войнаў), у мяне ўсё яшчэ застаецца», — адзначыў Юстас Палецкіс.

Как вам новость?
Головоломки