Памёр народны мастак Беларусі Савіцкі

09.11.2010 10:31
Архив Редакция

У Мінску ў ноч з 7 на 8 лістапада на 89-м годзе жыцця памёр народны мастак Беларусі і СССР Міхаіл Савіцкі. Грамадзянская паніхіда развітання з мастаком адбудзецца 10 лістапада з 10:00 да 13:00 у Цэнтральным доме афіцэраў. У гэты ж дзень Міхаіла Савіцкага пахаваюць на Маскоўскіх (Усходніх) могілках Мінску.

У Міхаіла Савіцкага засталіся жонка і сын. Як расказала кансультантка ўпраўлення мастацтвамі міністэрства культуры Таццяна Пархамовіч, для арганізацыі пахавання створана дзяржаўная камісія, перадае БелаПАН.

Міхаіл Савіцкі нарадзiўся 18 лютага 1922 года ў вёсцы Звенячы Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён удзельнічаў у баях за Севастопаль, практычна ў самым пачатку вайны апынуўся ў канцлагерах Дзюсельдорфа, Бухенвальда, Дахау, дзе змагаўся ў шэрагах Супраціву.

Пасля вайны вучыўся ў Мінскай мастацкай вучэльні, затым — у Маскоўскім мастацкім інстытуце ім. В. І. Сурыкава. Пасля гэтага мастак жыў і працаваў у Мінску. Стаў кіраўніком дзяржаўнай установы культуры «Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры».

Убачанае і перажытае за гады вайны мастак адлюстраваў у серыі палотнаў. Самымі вядомымі з іх сталі яго карціны «Партызанская мадонна», «Партызаны», цыкл «Лічбы на сэрцы».

У 1972 годзе Міхаілу Савіцкаму прысвоена званне народнага мастака БССР, у 1978 годзе — народнага мастака СССР. Ён быў членам Расійскай акадэміі мастацтваў і Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. У 1973 годзе Міхаіл Савіцкі стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР, а ў 1997 годзе «за вялікі асабісты ўнёсак у развіццё выяўленчага мастацтва і актыўную грамадскую дзейнасць» стаў першым кавалерам ордэна Францыска Скарыны — найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды Беларусі. У 2006 годзе ўказам прэзідэнта Беларусі Міхаілу Савіцкаму было прысвоена званне «Герой Беларусі».

Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца адзначыў, што з сыходам Міхаіла Савіцкага завяршаецца цэлая эпоха ў беларускім мастацтве. «Ён адзін з найбольш яркіх лідараў эпохі, якая дала магутныя творы для нашай культуры. З яго сыходам пачынаецца іншы этап у развіцці нашага мастацтва. Такія, як ён, былі захавальнікамі акадэмічных традыцый. Гэта мастак вельмі буйнога маштабу», — цытуе Рыгора Сітніцу «Еўрапейскае радыё для Беларусі «.

Лукашэнка: Савіцкі зрабіў неацэнны ўнёсак у захаванне гістарычнай памяці беларусаў

У сувязі са смерцю народнага мастака прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні родным Міхаіла Савіцкага, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

«Прайшоўшы скрозь агонь Вялікай Айчыннай вайны і жахі фашысцкіх канцлагераў, Міхаіл Андрэевіч сваёй творчасцю ўслаўляў мужнасць абаронцаў Айчыны і мірную працу сваіх землякоў, робячы неацэнны ўнёсак у захаванне гістарычнай памяці беларускага народа і зацвярджэнне высокіх ідэалаў рэалістычнага жывапісу. Яго па праву называлі сумленнем беларускай інтэлігенцыі, адным з духоўных зуброў грамадства», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Міхаіл Андрэевіч Савіцкі назаўжды ўвайшоў у гісторыю Беларусі як найвялікшы майстар мастацтва сучаснасці, выдатны педагог і грамадскі дзеяч, чыя творчасць складае адну з самых яркіх старонак нацыянальнай культуры. Светлая памяць пра выдатнага мастака-патрыёта Міхаіла Андрэевіча Савіцкага будзе вечна жыць у сэрцах беларусаў», — падкрэсліў прэзідэнт.

Как вам новость?
Головоломки