Памерла найстарэйшая жыхарка Беларусі

16.09.2010 11:04
Архив Редакция

Найстарэйшая жыхарка Беларусі Ганна Паўлаўна Рагель памерла 12 верасня ва ўзросце 121 года. Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Маладзечанскага райвыканкама. Цяпер тытул найстарэйшай беларускі належыць 116-гадовай Марыі Міхайлаўне Шыкуць, якая пражывае ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці.

Ганна Рагель нарадзілася ў вёсцы Белыя Маладзечанскага раёна 4 ліпені 1889 года. Апошнія гады свайго жыцця яна правяла ў прыватным доме ў горадзе Маладзечна Мінскай вобласці разам з дачкой-пенсіянеркай, перадае БелТА.

Марыя Шыкуць нарадзілася 1 ліпені 1894 года ў вёсцы Цеснавая-1 Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Тут жанчына правяла ўсё сваё доўгае жыццё. У цяперашні час Марыя Шыкуць жыве разам з нявесткай і ўнукам, якія за ёй даглядаюць. Зрэшты, як адзначылі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама, Марыя Шыкуць яшчэ дастаткова бадзёрая і нават ходзіць без кіёчку.

Усяго на пару месяцаў маладзейшая беларускай старэйшыны мінчанка Клаўдзія Аляксееўна Якімовіч. Ёй 20 жніўня гэтага года таксама споўнілася 116 гадоў. Яна жыве ў Маскоўскім раёне сталіцы з дачкой і зяцем. Блізкія Клаўдзіі Аляксееўны лічаць, што сакрэт даўгалецця жанчыны заключаецца ў трывалай генетычнай праграме. Зрэшты, у апошнія гады Клаўдзія Якімовіч ўжо вымушана перасоўвацца з дапамогай кійка, яна таксама мае праблемы са зрокам і слыхам.

Па дадзеных на 1 ліпеня 2010 года, у Беларусі пражывала 637 чалавек (536 жанчын і 101 мужчына), якія перасягнулм стогадовы рубеж. Гарадзенская вобласць з’яўляецца лідарам па колькасці доўгажыхароў сярод рэгіёнаў краіны: тут на 1 ліпеня пражывала 153 чалавекі ва ўзросце старэйшым за 100 гадоў. Жанчыны традыцыйна пераважаюць сярод беларускіх доўгажыхароў. Так, ва ўзроставай групе старэйшых за 110 гадоў адныя жанчыны.

Разам з тым, як раней перадаваў Тэлеграф, паводле вынікаў перапісу насельніцтва, праведзенага ў 2009 годзе, сярэдні ўзрост беларусаў складае 39,5 года. Пры гэтым сярэдні ўзрост мужчын — 36,8 года, жанчын — 41,8.

У цэлым вынікі перапісу 2009 года паказалі, што за дзесяць гадоў колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася на 5,4%, або на 541 тыс. чалавек. Толькі з пачатку гэтага года колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася на 12,5 тыс. чалавек. Натуральнае змяншэнне насельніцтва за першыя сем месяцаў склала 17,7 тыс. чалавек.

Как вам новость?
Головоломки