Панэльныя дамы ў Беларусі будуць будаваць яшчэ каля пяці гадоў

18.03.2010 12:04
Архив Редакция

Віцэ-прэм'ер Беларусі Віктар Бура паведаміў, што ў бліжэйшыя гады краіна будзе адыходзіць ад панэльнага будаўніцтва на карысць маналітнага, каркасна-маналітнага і індывідуальнага. "Аднак улічваючы, што чарговасць і запатрабаванасць жытла яшчэ высокія, у бліжэйшыя гады ў жыллёвым будаўніцтве будуць дамінаваць панэльныя дамы, якія будуць будаваць яшчэ каля пяці гадоў", — сказаў Віктар Бура.

Па словах намесніка прэм’ер-міністра, у бліжэйшыя гады ў Беларусі будзе змяняцца відавая структура жыллёвага будаўніцтва. «Панэльнае будаўніцтва, якое хоць і найболей хутка ўзводзіцца і найменш патрабуе капіталу, павінна замяшчацца маналітным, каркасна-маналітным і індывідуальным домабудаваннем. У сувязі з гэтым да будучага года мы завяршаем праграму мадэрнізацыі нашых домабудаўнічых камбінатаў», — цытуе БелТА словы Віктара Буры.

Віцэ-прэм’ер адзначыў, што «штогод і паслядоўна будзе трансфармавацца жыллёвае будаўніцтва ў бок новых канструктыўных схем і індывідуальнага будаўніцтва». Віктар Бура таксама падкрэсліў, што ў цэлым у краіне яшчэ будуць паслядоўна пашыраць аб’ёмы будаўніцтва энергаэфектыўнага жытла.

«У гэтым пытанні Беларусь не з’яўляецца першапраходцам, — адзначыў Віктар Бура. — Мы вывучаем і запазычваем досвед, які ўжо даўно выкарыстоўваецца ў краінах ЕС. І сёння тэхналогіі зніжэння энергавыдаткаў і падвышэння энергаэфектыўнасці жыллёвага будаўніцтва ў свеце не стаяць на месцы».

Намеснік прэм’ер-міністра дадаў, што ў праграме па развіцці энергаэфектыўнага будаўніцтва «Беларусь будзе кампіляваць самыя прагрэсіўныя рашэнні, якія дазваляюць максімальна змяншаць выдаткі пры будаўніцтве і эксплуатацыі жылля».

«Пакуль, нажаль, даводзіцца канстатаваць нізкую лакалізацыю спалучаных з будаўнічай сферай вытворчасцяў, шматлікія кампаненты для будаўніцтва, у прыватнасці энергаэфектыўнага, закупляюцца за валюту за мяжой. У сувязі з гэтым сфармаваная раней праграма па развіцці імпартазамяшчальных вытворчасцяў будзе карэктавацца. Беларускія прамыслоўцы атрымаюць дадатковыя заданні», — паведаміў віцэ-прэм’ер.

Как вам новость?