ПАРЕ прыняла рэзалюцыю аб санкцыях супраць Беларусі

28.01.2011 08:43
Архив Редакция

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы ў чацвер, 27 студзеня, прыняла рэзалюцыю, якая заклікае ЕС увесці санкцыі ў дачыненні да беларускага кіраўніцтва за разгон мітынгу апазіцыі ў дзень выбараў прэзідэнта 19 снежня. За прыняцце дакумента прагаласавалі 90 парламентарыяў, 9 выказаліся супраць, яшчэ 3 устрымаліся. 

У ходзе абмеркавання праекту дакумента парламентарыі ўнеслі ў яго тры папраўкі, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода». Першая з іх змяшчае заклік санкцыі ў дачыненні да асобаў, адказных за рэпрэсіі супраць беларускай апазіцыі, у другой гаворыцца аб непрызнанні выбараў прэзідэнта Беларусі, трэцяя заклікае еўрапейскія партыі падтрымаць апазіцыйныя партыі ў Беларусі.

У сваёй рэзалюцыі ПАРЕ таксама заклікае ўлады Беларусі:

— Неадкладна вызваліць усіх апазіцыйных кандыдатаў і іх прыхільнікаў, журналістаў і праваабаронцаў, якія затрыманыя па палітычных матывах;

— Спыніць пераслед і пагрозы апазіцыйных палітыкаў, мас-медыя і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці;

— Правесці празрыстае расследаванне абразлівых і непрапарцыйных дзеянняў сіл аховы правапарадку супраць дэманстрантаў 19 снежня;

— Спыніць выключэнне студэнтаў з універсітэтаў і звалненне людзей з іх працоўных месцаў па прычыне ўдзелу ў пратэстах;

— Перагледзець рашэнне аб закрыцці офіса АБСЕ ў Мінску і падоўжыць яго мандат да 2011 года і далей;

— Завяршыць працэс рэформы выбарчага заканадаўства і яго практычнага прымянення, прымаючы пад увагу ўсе рэкамендацыі АБСE/БДІПЧ і Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія).

У рэзалюцыі ПАРЕ ўказваецца на неабходнасць умацоўваць дыялог з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, свабоднымі СМІ і праваабаронцамі і пацвярджаецца яе рашэнне прыпыніць кантакты з уладамі Беларусі на высокім узроўні, перадае БелаПАН.

ПАРЕ таксама заклікае сваё кіраўніцтва не адмяняць рашэнні аб прыпыненні статусу спецыяльнага запрошанага для парламента Беларусі да таго часу, пакуль яе ўладамі не будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне і пакуль не адбудзецца адчувальнага прагрэсу ў плане дэмакратычных каштоўнасцяў і прынцыпаў, якія падтрымліваюцца Радай Еўропы.