Парламент Беларусі ў красавіку абмяркуе змены закону аб рэкламе

21.01.2011 11:43
Архив Редакция

У красавіку 2011 года парламент Беларусі плануе разгледзець у другім чытанні змены і дапаўненні ў дзейны закон аб рэкламе. Пра гэта 20 студзеня паведаміла начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства гандлю Беларусі Ірына Барышнікава.

Па словах прадстаўніцы міністэрства, у разгляданым законапраекце ставяцца пытанні пра змяншэнне аб’ёму рэкламы алкагольных, слабаалкагольных напояў, піва, латарэяў і казіно, а таксама змяшчаюцца нормы па прадухіленні ўвядзення ў зман грамадзян. Так, згодна з дакументам, у рэкламе банкаўскіх крэдытаў неабходна будзе ўказваць поўную працэнтную стаўку рэкламаванага банка. У тэлевізійнай і мультымедыйнай рэкламе інфармацыя павінна будзе рэкламавацца выразным чорным шрыфтам мінімум пяць секунд, перадае БелТА.

Акрамя таго, у новым законапраекце прадугледжваюцца некаторыя спрашчэння для рэкламадаўцаў пры вытворчасці рэкламы. Напрыклад, прапануецца адмяніць абавязковае размяшчэнне рэквізітаў ліцэнзіі ў вонкавай і радыёрэкламе, а таксама адмяніць адміністрацыйныя працэдуры па ўзгадненні рэкламы ветэрынарных паслуг. Таксама законапраектам прадугледжваецца дазвол размяшчэння вонкавай рэкламы ў паласе адводу аўтадарог па вырашэнні ўладальніка.

Мінгандлю: у 2010 годзе прадпрыемствы Беларусі выдаткавалі на рэкламу 248 млрд. даляраў

Ірына Барышнікава паведаміла, што ў 2010 годзе беларускія прадпрыемствы патрацілі на рэкламу каля 248 млрд. даляраў. Прыкладна 35% гэтай сумы выдаткавана на тэлевізійную рэкламу, 38% — на вонкавую. За год рэкламныя бюджэты гандлёвых прадпрыемстваў павялічыліся на 40%, а рэкламная актыўнасць беларускіх прадпрыемстваў у цэлым — на 30%. Па словах прадстаўніцы мінгандлю, у 2010 годзе было спынена больш за 300 выпадкаў нядобрасумленнай канкурэнцыі і парушэння правоў спажыўцоў у рэкламе — складзена 62 пратаколы і выдадзена 295 прадпісанняў.

У сваю чаргу дырэктар рэкламнага холдынгу SMG Пётр Папялушка паведаміў, што паводле прагнозаў экспертаў, у 2011 годзе рост беларускага рынку рэкламы складзе 10-12%, перадае БелаПАН.

У красавіку ў Мінску ўпершыню збярэцца савет па рэкламе краін СНД

Разам з тым, як праінфармавала Ірына Барышнікава, з 14 па 16 красавіка 2011 года ў Мінску ў рамках міжнароднага фестывалю рэкламы і маркетынгу «Белы квадрат» упершыню пройдзе пасяджэнне каардынацыйнага савета па рэкламе пры міждзяржаўным савеце па антыманапольнай палітыцы СНД.

Па словах Ірыны Барышнікавай, у пасяджэнні савета возьмуць удзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў, якія рэгулююць рэкламную дзейнасць у краінах СНД, а таксама грамадскіх арганізацый і рэкламных супольнасцяў. Мэтай мерапрыемства з’яўляецца паляпшэнне ўзаемадзеяння паміж суб’ектамі рэкламнага рынку, павышэнне сацыяльнай адказнасці рэкламнага бізнэсу, а таксама фармаванне этычных паводзінаў удзельнікаў рынка рэкламы.

Как вам новость?
Головоломки