Парламент Беларусі "зачапіла" пашырэнне "чорнага спісу" ЕС

25.03.2011 09:06
Архив Редакция

Беларускія дэпутаты выказалі шкадаванне ў сувязі з пашырэннем Еўрасаюзам "чорнага спісу" беларускіх чыноўнікаў і заявілі, што ЕС "зноў паўтарае свае памылкі". "Увядзенне санкцый, як і любыя размовы з пазіцыі сілы, абсалютна бесперспектыўныя ў адносінах з Рэспублікай Беларусь", — заявілі ў пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД.

«Рада ЕС у сваім рашэнні аб увядзенні абмежаванняў для беларускіх службовых асобаў паставіла пытанне адмены санкцый у прамую залежнасць ад выканання Рэспублікай Беларусь шэрагу дзеянняў, якія прама парушаюць незалежнасць і бесстароннасць следства і судовага працэсу», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве парламентарыяў.

«Акрамя таго, распаўсюджванне візавых абмежаванняў на супрацоўнікаў органаў правасуддзя і правапарадку з’яўляецца прамым ціскам на дзейнасць судовай сістэмы суверэннай краіны і відавочнай спробай ўмяшання ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы. Гэта абуральным чынам супярэчыць не толькі базавым прынцыпам міжнароднага права, але і асновам функцыянавання любой дэмакратычнай прававой дзяржавы», — падкрэсліваюць члены парламенцкай камісіі.
 
Дэпутаты таксама назвалі «абсурдным» той факт, што неўязнымі ў ЕС абвешчаныя таксама кіраўнікі шэрагу беларускіх ВНУ, асабліва ў святле «інтэнсіўных інтэграцыйных працэсаў на еўрапейскай адукацыйнай прасторы».

Беларускія парламентарыі таксама абвінавацілі ў выкарыстанні «падвойных стандартаў» сваіх калег з Еўрапарламенту, якія прымалі жорсткія рэзалюцыі па сітуацыі ў Беларусі, і назвалі іх абвінавачванні на адрас афіцыйнага Мінску «дэмагагічнымі і галаслоўнымі».

«Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Еўрапейскага саюза з’яўляецца шматпланавым і ахоплівае самыя розныя напрамкі дзейнасці, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Любыя абмежавальныя дзеянні, спробы ізаляваць Беларусь у канчатковым выніку закрануць абодва бакі. Толькі дыялог і пошукі ўзаемнага разумення з’яўляюцца адзіна верным шляхам і надзейным інструментам вырашэння праблемаў», — гаворыцца ў заяве парламенту Беларусі.

Варта адзначыць, што беларускія парламентарыі не публікавалі афіцыйных прэс-рэлізаў з нагоды ўвядзення Еўрасаюзам візавых і фінансавых санкцыяў у дачыненні да 157 беларускіх чыноўнікаў.

Как вам новость?