Парламент ратыфікаваў дамову пра працу мытных службаў краін ЕўрАзЭС

09.04.2010 12:47
Архив Редакция

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ратыфікавала дзявятага красавіка на паседжанні чацвёртай сесіі дзве дамовы пра інфармацыйную працу мытных службаў краін-удзельніц ЕўрАзЭс. Па словах дэпутата Віталя Бусько, гэтымі дакументамі працягваецца фармаванне комплексу нарматыўна-прававой базы па функцыянаванні Мытнага саюза.

«Дэпутаты пагадзіліся з неабходнасцю ратыфікаваць дамовы пра адзіныя прынцыпы інфармацыйнага ўзаемадзеяння і пра адзіныя падыходы да ўжывання інфармацыйных тэхналогій у дзейнасці мытных службаў дзяржаў-чальцоў ЕўрАзЭС», — распавёў парламентарый, перадае БелТА.

Віталь Бусько падкрэсліў, што абедзве дамовы будуць дзейнічаць ва ўсіх краінах ЕўрАзЭС (Беларусі, Казахстане, Кыргызтане, Расіі і Таджыкістане), а не толькі на тэрыторыі Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана.

«Дамова пра адзіныя прынцыпы інфармацыйнага ўзаемадзеяння прадугледжвае комплекс арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў для ўзаемнага абмену інфармацыяй па пытаннях мытнага афармлення і кантролю. Склад, фармат, структуру перадаваемай інфармацыі, а таксама рэгламент яе перадачы мытныя службы ўзгадняюць на двухбаковай і шматбаковай аснове», — распавёў дэпутат.

Па словах Віталя Бусько, заключэнне гэтай дамовы «дазволіць стварыць умовы для фармавання Адзінай аўтаматызаванай сістэмы мытных тавараў і транспартных сродкаў праз тэрыторыі краін ЕўрАзЭС».

Дэпутаты ратыфікавалі дамову з Туркменістанам пра міжнародныя аўтамабільныя зносіны

Таксама падчас паседжання вясновай чацвёртай сесіі парламента, дэпутаты ратыфікавалі дамову паміж урадамі Беларусі і Туркменістана «пра міжнародныя аўтамабільныя пасажырскія і грузавыя зносіны».

«Дамова рэгулюе міжнародныя аўтаперавозкі паміж дзвюма дзяржавамі, а таксама транзіт праз іх тэрыторыі і перавозкі ў/з трэціх краін», — сказаў на паседжанні першы намміністра транспарта і камунікацый Мікалай Верхавец.

Па словах чыноўніка, дакумент таксама рэгулюе магчымасць прыватных паездак на аўтамабілях у Беларусь з Туркменістана і ў зваротным кірунку. «Прыняцце дамовы не толькі будзе спрыяць пашырэнню і паглыбленню сувязяў паміж краінамі, але створыць найлепшыя ўмовы для актывізацыі ўзаемавыгаднага абмену таварамі, паслугамі і ідэямі на беларуска-туркменістанскім кірунку», — лічаць у міністэрстве.

Акрамя гэтага, дэпутаты таксама ратыфікавалі яшчэ адну дамову Беларусі і Туркменістана «пра супрацоўніцтва і ўзаемную дапамогу ў мытных справах». «Неабходнасць прыняцця дамовы выклікана ростам таваразвароту паміж дзвюма краінамі», — адзначыў на паседжанні намстаршыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Сяргей Барысюк.

Па словах прадстаўніка намстаршыні, падобныя дамовы Беларусь склала з 14 дзяржавамі, і сёлета плануе яшчэ «падпісаць міжнародны дакумент пра супрацоўніцтва з мытнымі службамі Лівіі».

Как вам новость?
Головоломки