Парламент зноў адклаў ратыфікацыю Мытнага кодэксу МС

14.06.2010 16:38
Архив Редакция

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі зноў адклала разгляд пытання аб ратыфікацыі Мытнага кодэксу Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Гэтае пытанне не было ўнесена ў парадак паседжання Палаты прадстаўнікоў, якое адбудзецца 14 чэрвеня ў другой палове дня.

Па неафіцыйнай інфармацыі, дакумент планавалася ратыфікаваць яшчэ дзясятага чэрвеня, аднак яго разгляд перанеслі ў сувязі з рабочай паездкай беларускага лідара ў Маскву, перадае БелаПАН.

Аб падрабязнасцях перамоваў на вышэйшым узроўні ў Маскве не паведамляюць ні беларускія, ні расійскія крыніцы. Як лічаць аналітыкі, паездка Аляксандра Лукашэнкі была няўдалай, і ў сувязі з гэтым Мінск зноў адклаў ратыфікацыю Мытнага кодэкса.

Раней, як ужо перадаваў Тэлеграф, старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Маскевіч паведамляў, што паводле «дзейных працэдураў ратыфікацыя пагаднення будзе разгледжана да канца сесіі». Таксама, па словах Сяргея Маскевіча, на 30 чэрвеня плануецца закрыццё сесіі.

Да гэтага, у парламенцкай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД паведамілі, што на разгляд у ніжнюю палату парламенту законапраект аб ратыфікацыі дамовы аб Мытным кодэксе Мытнага саюза паступіў раніцай восьмага чэрвеня.

Крыніца ў камісіі праінфармавала, што ўказанне аб унясенні дамовы аб Мытным кодэксе Мытнага саюза на ратыфікацыю ў парламент ўраду даў кіраўнік дзяржавы.

Как вам новость?
Головоломки