Партыя БНФ будзе змагацца на выбарах на два фронты

31.05.2010 09:24
Архив Редакция

Прэтэндэнтам на пост прэзідэнта Беларусі ад Партыі БНФ будзе Рыгор Кастусёў. За яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты прагаласавалі ўдзельнікі пазачарговага з'езду палітычнай сілы, які прайшоў 29 траўня. Як заявіў лідар партыі Аляксей Янукевіч, на выбарах-2011 ПБНФ будзе змагацца на два фронты — супраць Аляксандра Лукашэнкі і прарасійскага кандыдата.

«Крэмль і Лукашэнка пачалі сапраўдную вайну. З такой сітуацыяй вялікая верагоднасць удзелу ў выбарах прарасійскага кандыдата. У яго будуць укладзены сур’ёзныя фінансавыя і інтэлектуальныя рэсурсы», — растлумачыў пазіцыю партыі апазіцыйны палітык, дадаўшы, што Масква на гэтых выбарах цяперашняга беларускага лідара падтрымліваць не мае намеру.
На думку Аляксея Янукевіча, апазіцыя мае шанцы на перамогу нават у выпадку адсутнасці адзінага кандыдата, бо на сённяшні дзень прэзідэнт Беларусі губляе кантроль над сітуацыяй у краіне, перадае БелаПАН. «Каб перамагчы, партыі неабходна аб’яднаць вакол сябе нацыянальна-дэмакратычныя сілы. Хай нават не будзе адзінага кандыдата ўсёй апазіцыі — гэта не страшна», — сказаў лідар ПБНФ.
У той жа час, у партыі лічаць, што будучыя выбары не будуць дэмакратычнымі. «Думаю, выбары нават будуць праходзіць у горшых умовах у плане доступу да інфармацыі, а таксама працэдуры падліку галасоў», — заявіў Аляксей Янукевіч.
Кастусё упэўнены ў сваёй перамозе на выбарах
У сваю чаргу, патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ заявіў, што верыць у сваю перамогу на выбарах. «Калі агульным кандыдатам стану я, буду ісці да перамогі. Я ўпэўнены, што перамога будзе за намі», — сказаў Рыгор Кастусёў.
Палітык падкрэсліў, што толькі кансалідацыя апазіцыі прынясе ёй перамогу на будучых выбарах, і таму адпаведныя перамовы нацыянальна-дэмакратычным сілам неабходна пачаць як мага хутчэй.
 
ПБНФ у выпадку перамогі абяцае дэмантажаваць сённяшнія прынцыпы ўлады і кіравання
Адной з першачарговых задачаў у выпадку перамогі на выбарах свайго кандыдата ўдзельнікі з’езду Партыі БНФ назвалі «дэмантаж сённяшніх прынцыпаў улады і кіравання». «Беларусь павінна стаць прававой дзяржавай», — падкрэсліваецца ў перадвыбарнай платформе кандыдата ад ПБНФ.
У аснове дакумента ляжаць прынцыпы свабоды і адказнасці, эканамічны рост, незалежнасць і еўраатлантычны выбар. У прыватнасці, палітычная сіла мае намер увесці прыватную ўласнасць на зямлю, якая павінна стаць «гаспадарчай асновай новай дэмакратычнай Беларусі».
Акрамя таго, партыя заявіла пра намер паставіць у аснову знешняй палітыкі «нацыянальныя інтарэсы, а не зацікаўленасць асобных груповак», вярнуць нацыянальныя беларускія сімвалы — герб «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг, стварыць дзейсны механізм падтрымкі і пашырэння ўжывання беларускай мовы, а таксама прыкласці ўсе высілкі для далучэння Беларусі да шэнгенскай прасторы.
«Партыя БНФ ідзе на прэзідэнцкія выбары, каб абараніць карэнныя інтарэсы беларускага народа. Партыя БНФ — найстарэйшая палітычная сіла Беларусі, якая заўсёды ў сваёй дзейнасці кіравалася нацыянальнымі інтарэсамі», — гаворыцца ў перадвыбарнай платформе Рыгора Кастусёва. 

Как вам новость?