Партыя БНФ прапанавала беларусам рызыкнуць шасцю тысячамі даляраў

05.01.2011 16:05
Архив Редакция

Партыя БНФ прапанавала неабыякавым людзям выступіць даручальнікамі людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні ў сувязі з пратэстамі ў Мінску 19 снежня, для іх вызвалення пад падпіску аб нявыездзе. У той жа час, як паведаміў лідар ПБНФ Аляксей Янукевіч тыя, хто падпісаліся самі могуць панесці адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў, або 17,5 млн. рублёў (5,8 тыс. даляраў).

Адказнасць даручальніка можа наступіць, калі вызвалены па хадайніцтве чалавек пачне хавацца ад следства, перастане прыходзіць на допыты, пакіне краіну ці зробіць новае правапарушэнне, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Між тым, кіраўніцтва ПБНФ упэўнена, што вызваленыя апазіцыянеры не падставяць сваіх даручальнікаў. Акрамя таго, як падкрэсліў намеснік старшыні партыі Ігар Лялькоў, дадзеныя хадайніцтвы цалкам законныя. «Працэдура вызвалення праз даручальніцтва прадугледжаная беларускім заканадаўствам. Яна з’яўляецца абсалютна легальным і вельмі моцным спосабам выказаць асабістую салідарнасць з кожным са зняволеных і садзейнічаць яго хутчэйшаму вяртанню на волю», — паведаміў ён, адзначыўшы, што дадзеная акцыя мае большы эфект чым безназоўная перадача грошай.

У ПБНФ распавялі, што бланкі даручальніцтва на кожнага з арыштаваных ужо сёння можна атрымаць на сядзібе партыі. Праўда, падпісацца адразу за ўсіх нельга — толькі за кожнага паасобку. «Мы перакананыя, што за кароткі час у нас будзе шмат гэтых даручальніцтваў. Мы не будзем ужо сёння іх несці, але я перакананы, што зробім гэта на працягу тыдня, праз дзесяць дзён. Як мінімум, калі два чалавекі падпісаліся за адну асобу — ужо можна несці гэта ў пракуратуру», — заявіў Аляксей Янукевіч.

Далучыўся да акцыі і былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў. «Я цяпер знаходжуся на волі, але я ўяўляю, у якіх умовах знаходзяцца арыштаваныя ці затрыманыя людзі ў розных следчых ізалятарах і турмах. Зразумела, што гэтыя ўмовы не цукар. Асабліва цяжка знаходзіцца там людзям, якія маюць праблемы са здароўем. Я далучаюся да гэтай кампаніі як былы кандыдат у прэзідэнты, як намеснік старшыні Партыі БНФ, як грамадзянін і як беларус. Гэта мой абавязак», — заявіў ён.

«Мы спадзяемся, што ціск беларускага грамадства для вызвалення гэтых асобаў можа мець вынік», — заявіў Аляксей Янукевіч.

Как вам новость?
Головоломки