Партыю БНФ высяляюць з сядзібы на Машэрава

11.02.2011 17:01
Архив Редакция

Гарадскія ўлады не хочуць працягваць Партыі БНФ дамову арэнды на офіс, які партыя здымае на праспекце Машэрава ў Мінску. Каб урэгуляваць сітуацыю, кіраўнік ПБНФ Рыгор Кастусёў сустрэўся з намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Уладзімір Калтовічам. 

Яшчэ ў пачатку 2011 года ва Управу ПБНФ прыйшоў ліст з ЖРЭА Савецкага раёна Мінску, у якім значылася, што Партыя БНФ і ГА «БНФ Адраджэнне» ў сакавіку гэтага года, калі заканчваецца дамова арэнды, абавязаны вызваліць арандаванае памяшканне. Новы дагавор арэнды ўлады заключаць не плануюць, перадае «Народная Воля«.

З ліста ЖРЭА вынікае, што прычынай адмовы ў працягу дамовы арэнды з’яўляецца тое, што ў 2010 годзе ПБНФ на тры месяцы пратэрмінаваў аплату арэнды. Між тым, па словах старшыні партыі Аляксея Янукевіча, гэтыя прычыны надуманыя, бо кіраўніцтва партыі ў мінулым годзе пратэрміноўвала аплату за арэнду ў мінулым годзе максімум на тры дні.

Аляксей Янукевіч паведаміў, што ён ад свайго імя накіраваў некалькі лістоў у Камітэт дзяржмаёмасці, а таксама кіраўніку Мінгарвыканкама Мікалаю Ладуцьку. Па словах кіраўніка ПБНФ, з атрыманых адказаў вынікае, што ніхто з гарадскіх уладаў не жадае браць адказнасць на сябе.

«Нас пусцілі па бюракратычным коле. Мінгарвыканкам адказвае, што гэтае пытанне ў кампетэнцыі ЖРЭА Савецкага раёна сталіцы, ЖРЭА ківае ў бок Камітэта дзяржмаёмасці, Камітэт дзяржмаёмасці раіць звяртацца ў Мінгарвыканкам і ЖРЭА. З гэтага можна зразумець, што ў выніку рашэнне аб тым ці пакінуць нашай партыі мінскі офіс на Машэрава, 8 будзе насіць выключна палітычны характар», — заявіў Аляксей Янукевіч.

У Мінгарвыканкаме запэўнілі, што ў выпадку, калі ПБНФ у добраахвотным парадку вызваліць арандаванае памяшканне, гэтыя плошчы ЖРЭА забярэ для ўласных патрэбаў. Кіраўніцтва партыі ўжо разглядае варыянты пераезду ўправы ПБНФ.

Как вам новость?
Головоломки