Пасля надзвычайнага здарэння ў Пінску ў Мінску загарэўся "Мінскдрэў"

26.10.2010 15:07
Архив Редакция

У Мінску ў ноч на 26 кастрычніка на прадпрыемстве "Мінскдрэў" адбыўся пажар. Як паведамляецца, загарэліся драўляныя адкіды. Плошча пажару склала 200 квадратных метраў. Агонь пашкодзіў адкіды піламатэрыялаў і канструкцыю навеса, дзе яны знаходзіліся. Абышлося без пацярпелых.

«На вуліцы Сацыялістычнай адбылося ўзгаранне драўляных адкідаў і драўлянага насцілу пад металічным навесам. Пацярпелых няма, прычыны пажару выяўляюцца», — цытуе прэс-сакратара МНС Віталя Навіцкага «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Як ужо паведамляў Тэлеграф, 25 кастрычніка ў міністэрства па надзвычайных сітуацыях каля 13:00 паступіла паведамленне аб выбуху на дрэваапрацоўчай фабрыцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, выбух здарыўся ў цэху па вытворчасці драўнянастружкавых пліт, пасля чаго загарэліся складскія бункеры.

Прыбыўшы на месца здарэння, ратавальнікі выявілі, што ў выніку выбуху абрынулася каля 100 квадратных метра перакрыцця. Па факце выбуху пракуратура Брэсцкай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу па ч.2 арт.302 КК РБ (парушэнне правілаў бяспекі на выбуханебяспечным прадпрыемстве).

Па ўдакладненых дадзеных, у выніку здарэння загінула тры чалавекі, у лякарнях застаецца 18 пацярпелых, з іх 14 — у рэанімацыйным аддзяленні з апёкамі ў цяжкім стане. Чатыры чалавекі з рознымі пераломамі знаходзяцца ў хірургічным і траўматалагічнае аддзяленні лякарні. Медыкі паведамілі, што стан пацярпелых — сярэдняй цяжкасці. Уначы семярых пацыентаў перавезлі ў Мінск, пецярых — у Брэсцкую абласную лякарню.

Как вам новость?
Головоломки