Пасля Rammstein Чаргінец вырашыў праверыць маральнасьць Элтана Джона

09.06.2010 16:22
Архив Редакция

Старшыня Грамадскага савета па маральнасці Мікалай Чаргінец звярнуўся да арганізатараў канцэрту Элтана Джона, які адбудзецца 26 чэрвеня ў "Мінск-Арэне". Мікалай Чаргінец папрасіў арганізатараў канцэрта больш уважліва паставіцца да праграмы, з якой спявак плануе выступіць перад беларускай публікай.

Па словах Мікалая Чаргінца, да іх паступіла каля дзесяці званкоў з выказваннем занепакоенасці ў тым, «што Элтан Джон можа паспрабаваць замахнуцца на маральнасць беларусаў», — цытуе кіраўніка Грамадскага савета «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Мікалай Чаргінец запэўнівае, што не мае нічога супраць самога брытанскага выканаўцы, яго сексуальнай арыентацыі, і не ставіць сваёй мэтай забараніць мерапрыемства.

«Калі нармальны канцэрт, то ён будзе вітацца заўсёды. І нашай камісіяй, і грамадскасцю. Але калі стане пытанне аб парушэнні патрабаванняў элементарнай маралі, аб дзеяннях, накіраваных на разбэшчванне дзяцей, на абразу грамадскасці, то, безумоўна, мы будзем пратэставаць… Мы проста звяртаем увагу арганізатараў, каб яны ўважліва разабраліся з праграмай. …А хто ён… Мы ж не можам яго перарабіць і паставіць яго на сцэне «Мінск-арэны» ў іншай якасці. Мы ж не слесары-гінеколагі», — сказаў Мікалай Чаргінец.

У сакавіку гэтага года Грамадскі савет ужо спрабаваў забараніць выступ у Мінску нямецкага гурта Rammstein. Мікалай Чаргінец, які выступаў супраць прапаганды артыстамі амаральнасці, патрабаваў арганізаваць папярэдні прагляд іх праграмы, заяўляючы, «калі на канцэрце пакажуць тое, што прыйшлося глядзець членам Грамадскага савета, то ў беларускай сталіцы не пазбегнуць ўсплёску згвалтаванняў і жорсткасці». У неабходнасці забараніць канцэрт, кіраўнік савета таксама спрабаваў пераканаць міністра культуры Паўла Латушку. Не гледзячы на гэта, канцэрт у беларускай сталіцы ўсё ж адбыўся.

Савет па маральнасці — гэта сумесны грамадскі орган, заснавальнікамі якога выступілі Беларуская праваслаўная царква і Саюз пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы. Ён быў створаны ў 2009 годзе.

У яго складзе — кіраўнікі ўсіх традыцыйных канфесій краіны, а таксама пісьменнікі, вучоныя, артысты, спартоўцы. У шэрагах савета — мітрапаліт Філарэт, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, сенатар Анатоль Новікаў, кампазітар Ігар Лучанок, народныя артысты Расціслаў Янкоўскі і Марыя Захарэвіч, трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь, рэктар Інстытуту кітаязнаўства Васіль Стражаў, намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук і іншыя.

Как вам новость?
Головоломки