Пасля забойства дзяўчыны ўчастковым пакаралі 30 міліцыянтаў

29.07.2010 15:36
Архив Редакция

У выніку службовай праверкі, якую правялі пасля забойства ўчастковым міліцыянтам дзяўчыны ў Рагачоўскім раёне, больш за 30 супрацоўнікаў і кіраўнікоў МУС прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці. Пра гэта паведаміў начальнік следчага аддзелу па найважнейшых справах пракуратуры Гомельскай вобласці Юры Дзям'янчык.

Падчас праверкі высветлілася, што прычынай здзяйснення злачынства сталіся не толькі асабістыя нізкія маральныя якасці ўчастковага, але і практычна поўная адсутнасць кантролю з боку кіраўніцтва Рагачоўскага РАУС і Гомельскага УУС, паведаміў Юры Дзям’янчык.

«Індывідуальна-выхаваўчая праца ў РАУС праводзілася фармальна. Нават на момант правядзення праверкі ў Рагачоўскім РАУС адзін супрацоўнік міліцыі быў у стане алкагольнага ап’янення (пасля ён быў звольнены), другі некалькі гадзінаў адсутнічаў на працоўным месцы без уважлівай прычыны (яго панізілі на пасадзе)», — расказаў следчы.

Непасрэдна абвінавачанага ў здзяйсненні замаху на забойства дзяўчыны 30-гадовага ўчастковага, які працаваў у органах з 1996 года, за грубае парушэнне дысцыпліны звольнілі. Той жа лёс напаткаў трох ягоных калегаў, якія таксама знаходзіліся на месцы злачынства.

Падчас здзяйснення злачынства ўчастковы быў п’яны

Следства ўсталявала, што міліцыянт на момант здзяйснення злачынства быў п’яны. У яго крыві выявілі каля 1,8 праміле алкаголю. У крыві другога міліцыянта 2,0 праміле алкаголю. Трэці ўдзельнік кампаніі схаваўся. Яго месцазнаходжанне ўсталявалі толькі праз два дні, таму яго не асведчылі, перадае БелаПАН.

Кіроўца-міліцыянт быў цвярозы, але, паколькі ён не даклаў кіраўніцтву аб тым, што яго калегі замест выканання сваіх абавязкаў па ахове правапарадку п’янствуюць, яго таксама звольнілі з органаў.

Яшчэ трох супрацоўнікаў Рагачоўскага РАУС, адказных за ахову грамадскага парадку, прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці. Два супрацоўнікі РАУС атрымалі строгую вымову, адзін — вымову, яшчэ аднаго панізілі на пасадзе.

Начальнікі штабу РАУС і экспертна-крыміналістычнай службы атрымалі па строгую вымову. За неналежнае выкананне службовых абавязкаў сем кіруючых працаўнікоў РАУС (намеснікі начальніка і начальнікі структурных падраздзяленняў) атрымалі па строгай вымове. Начальнік РАУС паніжаны на займанай пасадзе.

Акрамя таго строгія вымовы вынесеныя сямі кіраўнікам упраўленняў УУС Гомельскага аблвыканкама, начальніку УУС абвешчаная вымова. Тром кіраўнікам упраўленняў МУС, адказным за ахову грамадскага парадку, прафілактыку, кадры і следства таксама абвешчаныя вымовы.

Па словах Юрыя Дзям’янчыка канчатковае абвінавачанне ў дачыненні да ўчастковага, які застрэліў дзяўчыну, пакуль не сфармуляваная. Ёсць верагоднасць таго, што пракуратура прад’явіць міліцыянту абвінавачанне ў забойстве.

Як раней перадаваў Тэлеграф, па дадзеным факце была ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 14 і 139 КК Беларусі (замах на забойства). Міністр унутраных спраў Беларусі ўзяў справу пад асабісты кантроль.

Как вам новость?
Головоломки