Пасол Францыі: НАТО можа абмежаваць супрацоўніцтва з Беларуссю

24.03.2011 10:20
Архив Редакция

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнеры 23 сакавіка заявіў, што НАТО ў найбліжэйшы час можа мінімізаваць супрацоўніцтва з Беларуссю. Па словах пасла, сёння адносіны Беларусі з краінамі НАТО, ЕС, а таксама ЗША і Канадай практычна замарожаныя, і на Захадзе стаіць пытанне аб тым, ці варта іх працягваць.

Мішэль Рэнеры асабліва падкрэсліў, што Еўропа не можа працягваць супрацоўніцтва з Беларуссю, робячы выгляд, што падзеяў 19 снежня не было, таму НАТО мае намер выбудоўваць адносіны з Беларуссю на новых умовах. Сам амбасадар лічыць, што бакам неабходна працягваць супрацоўніцтва «на аснове ўзаемных інтарэсаў», перадае БелаПАН.

Кіраўнік пасольства Францыі, якое з 1 студзеня 2011 года выконвае ў Беларусі функцыі прадстаўніцтва НАТО, нагадаў, што ў студзені гэтага года дэлегацыя альянсу наведала краіну для абмеркавання перспектыў супрацоўніцтва. Плануецца, што аналагічны візіт прадстаўнікі НАТО арганізуюць у траўні.

Амбасадар Францыі: прынцып неўмяшальніцтва ў Лівіі дзейнічаць не можа
 
Мішэль Рэнеры таксама праінфармаваў, што 24 сакавіка на рабочай сустрэчы ў міністэрстве замежных спраў ён прадставіць пазіцыю Францыі па пытанні ваенных дзеянняў у Лівіі. «Калі кіраўнік дзяржавы забівае свой народ, немагчыма казаць, што гэта ўнутраная справа Лівіі, маючы на ўвазе прынцып неўмяшальніцтва. Гэта пытанне сумлення. Права забіваць мірнае насельніцтва ні ў каго няма», — заявіў французскі дыпламат.

Пасол лічыць неапраўданымі абвінавачванні ў тым, што ваенная аперацыя «Рассвет Адысея» выходзіць за рамкі прынятай раней рэзалюцыі Рады бяспекі ААН.

«Крытыкаваць — лёгка, працаваць — цяжка. Калі хтосьці мае лепшыя рашэнні, чым прапанавалі мы, Францыя да іх прыслухаецца. А той, хто нічога не прапаноўваў, не мае права крытыкаваць», — заявіў Мішэль Рэнеры, падкрэсліўшы, што мэтай дадзенай аперацыі з’яўляецца не ліквідацыя лівійскага лідара, а забеспячэнне бяспекі грамадзянскага насельніцтва.

Як раней перадаваў Тэлеграф, пасля пачатку ваеннай аперацыі ў Лівіі, міністэрства замежных спраў Беларусі заклікала міжнародную кааліцыю спыніць баявыя дзеянні ў гэтай краіне. «Ракетна-бомбавыя ўдары па тэрыторыі Лівіі выходзяць за рамкі рэзалюцыі Рада бяспекі ААН № 1973 і супярэчаць яе галоўнай мэце — забеспячэнню бяспекі мірнага насельніцтва», — гаворыцца ў заяве МЗС ад 20 сакавіка.

Как вам новость?
Головоломки