Пасол Расіі: мы чакалі больш за 70% галасоў за Лукашэнку

23.12.2010 14:41
Архив Редакция

Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў 23 снежня заявіў, што перамога Аляксандра Лукашэнкі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі была чаканай. "Мы чакалі больш за 70% галасоў, так яно і адбылося", — заявіў дыпламат.

Разам з тым, па словах амбасадара Расіі, беларуская апазіцыя на прэзідэнцкіх выбарах першапачаткова рабіла стаўку на плошчу, «бо з самага пачатку было зразумела, хто атрымае перамогу на прэзідэнцкіх выбарах», перадае БелТА.

«Трэба вучыцца змагацца, перамагаць у рэальнай канкурэнтнай барацьбе, а не рабіць стаўку на плошчу», — падкрэсліў Аляксандр Сурыкаў.

Аляксандр Сурыкаў перакананы, што галоўнай мэтай апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты было «засвяціцца» ў непрызнанні Захадам выбараў у Беларусі. Паводле яго слоў, кандыдаты заклікалі людзей выйсці на плошчу, не ўзгадніўшы гэта з кампетэнтнымі органамі, не падаўшы заяўку на яе правядзенне, як таго патрабуе закон. Акрамя таго, расійскі амбасадар лічыць, што з’яўленне чалавека на несанкцыянаваным мітынгу само па сабе з’яўляецца адміністрацыйным парушэннем.

Пасол Расіі: у Беларусі няма партый

Адной з памылак апазіцыі Аляксандр Сурыкаў назваў няўменне ствараць партыі на ўсіх узроўнях: у абласцях, раёнах, калектывах, дзякуючы чаму можна было б пастаянна весці агітацыю, а не толькі непасрэдна напярэдадні выбараў. Без гэтага, па меркаванні амбасадара, апазіцыя не зможа дасягнуць вялікіх вынікаў. «Па нашым разуменню, у Беларусі партыі адсутнічаюць, ёсць групы», — заявіў амбасадар Расіі.

Аляксандр Сурыкаў таксама звярнуў увагу на тое, што апазіцыі не ўдалося дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у кожную ўчастковую выбарчую камісію, якіх было больш за шэсць тысяч. «Гэта значыць адразу ставілася на плошчу, размовы пра фальсіфікацыі і гэтак далей, але не на справу», — падкрэсліў дыпламат.

Как вам новость?