Пасольства Беларусі ў Лондане расказала аб умовах у СІЗА КДБ

11.01.2011 16:17
Архив Редакция

Амбасада Беларусі ў Лондане 10 студзеня апублікавала інфармацыю аб умовах утрымання ў следчым ізалятары КДБ затрыманых удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі 19 снежня ў Мінску. Паводле дадзеных пасольства, "умовы ўтрымання асобаў, якія абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года, цалкам адпавядаюць нацыянальнаму і міжнароднаму заканадаўству".

Паводле інфармацыі супрацоўнікаў амбасады, па стане на 3 студзеня 2011 года ў СІЗА КДБ знаходзілася 19 удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу. Усе яны разам з іншымі затрыманымі знаходзіліся ў агульных камерах, «адпаведных санітарным правілам і патрабаванням пажарнай бяспекі», перадае «Наша Нiва».

«Усе асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай, забяспечаны асабістымі спальнымі месцамі, пасцельнымі прыналежнасцямі, посудам і сталовымі прыборамі. У адпаведнасці з заканадаўствам, вязняў следчага ізалятара кормяць тры разы на дзень. Якасць ежы да гэтага часу не выклікала скаргаў. Штодня зняволеным прадстаўляюць двухгадзінны шпацыр і васьмігадзінны начны сон. Амаль у кожнай камеры ёсць тэлевізар», — падкрэсліваецца ў дакуменце, апублікаваным пасольствам Беларусі ў Лондане.

Акрамя таго, супрацоўнікі дыпмісіі сцвярджаюць, што арыштаваныя могуць свабодна карыстацца юрыдычнымі паслугамі, «каб іх правы на абарону былі рэалізаваны ў поўнай меры». Адвакаты і сваякі затрыманых, па інфармацыі амбасады, маюць доступ да арыштантаў. «Усе затрыманыя асобы могуць атрымліваць неабмежаваную колькасць перадач з прадуктамі харчавання і асабістымі рэчамі, агульная вага якіх не перавышае трыццаці кілаграмаў на месяц», — гаворыцца ў дакуменце.

Амбасада: усе арыштаваныя ў СІЗА КДБ здаровыя

Супрацоўнікі дыпмісіі таксама сцвярджаюць, што для аказання неабходнай медыцынскай дапамогі зняволеным ў СІЗА КДБ 24 гадзіны на суткі дзяжурыць дадатковая група лекараў. Штодня праводзяцца медыцынскія агляды, у тым ліку медыцынскімі спецыялістамі вузкага профілю. «Калі існуюць любыя медыцынскія паказанні, неабходнае лячэнне і прафілактычныя меры неадкладна прымаюцца. Калі затрыманыя асобы не маюць асабістых лекаў, яны забяспечваюцца неабходнымі лекамі бясплатна», — заявілі ў пасольстве Беларусі ў Лондане.

Акрамя таго, па інфармацыі дыпмісіі, усе арыштаваныя здаровыя, толькі адзін абвінавачаны хварэе на дыябет. Аднак з моманту яго затрымання яму даюць неабходныя «дарагія лекавыя сродкі» — дыябетон і метфармін.

Тым часам, як раней перадаваў Тэлеграф, адвакат былога кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева Тамара Сідарэнка раней паведамляла, што 29 снежня ў экс-кандыдата, які таксама знаходзіцца ў СІЗА КДБ, здарыўся гіпертанічны крыз. Па словах Тамары Сідарэнка, Уладзімір Някляеў асцерагаецца другога гіпертанічнага крызу і інсульту.

У сваю чаргу адвакат экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава Павел Сапелка пасля сустрэчы са сваім падабаронным 20 снежня заявіў, што экс-кандыдат знаходзіцца ў цяжкім стане. «Саннікаў моцна збіты і ўяўляе з сябе жудаснае відовішча. Ён практычна не можа перасоўвацца», — заявіў юрыст. Паводле яго слоў, у палітыка «нага або моцна пашкоджаная, або вывіхнутая, хаця можа быць і зламаная». «Акрамя гэтага, яго білі па галаве, таму аддаленыя наступствы адчуваюцца. Траўмаваныя ў яго і рукі — на іх гематомы», — паведаміў Павел Сапелка.

Акрамя таго, ёсць інфармацыя аб тым, што экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч, які таксама знаходзіцца ў СІЗА КДБ, адмаўляецца ад ежы, абвясціўшы бестэрміновую галадоўку ў знак пратэсту супраць афіцыйных вынікаў мінулай прэзідэнцкай кампаніі.

Как вам новость?
Головоломки