Пасольства Беларусі: расійскія сюжэты пра Лукашэнку — злачынныя

05.07.2010 14:47
Архив Редакция

Прэс-сакратар беларускай амбасады ў Расіі Віталь Сліўка назваў сюжэт, паказаны чацвертага ліпеня ў Расіі на тэлеканале НТВ, злачынным. "Высоўваць блюзнерскія абвінавачванні на адрас кіраўніка дзяржавы недапушчальна і злачынна", — заявіў Віталь Сліўка.

«Я не думаю, што гэта будзе спрыяць умацаванню сяброўства і ўзаемаразумення, і спадзяюся, што гэтыя сюжэты не з’яўляюцца афіцыйным выражэннем палітыкі расійскага кіраўніцтва», — адзначыў прэс-сакратар беларускай амбасады ў інтэрв’ю радыёстанцыі «Эхо Москвы».

«Гэта домыслы, якія не маюць пад сабой грунту, і набор каментароў, якія з кантэксту выкінулі», — дадаў Віталь Сліўка. Пры гэтым прадстаўнік беларускага пасольства выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што гэты сюжэт выйшаў напярэдадні сустрэчы ў Астане, на якой быў падпісаны шэраг дакументаў, звязаных з Мытным саюзам.

У сюжэце журналісты НТВ абвінавацілі беларускія ўлады ў датычнасці да забойства ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў некаторых сваіх палітычных апанентаў: Генадзя Карпенкі, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Дзмітрыя Завадскага і Анатоля Красоўскага.

У сваю чаргу, як ужо паведамляў Тэлеграф, у адказ афіцыйны Мінск абвінаваціў расійскія тэлеканалы ў дыскрэдытацыі прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Па словах крыніцы, суправаджальніка беларускага лідара падчас яго працоўнага візіту ў Казахстан, «некаторыя расійскія тэлеканалы, якія толькі намінальна з’яўляюцца незалежнымі, але на самой справе ўсім вядома, як і кім яны кіруюцца, фактычна вылілі цэбар бруду на кіраўніка дзяржавы і Беларусь спрабуючы аказаць беспрэцэдэнтны інфармацыйны ціск».

Как вам новость?