Пасольства Кыргызстана ў Мінску не падпарадкоўваецца Бакіеву

23.04.2010 17:01
Архив Редакция

Пасол Кыргызстана ў Беларусі Ішэнкуль Балджурава 23 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіла журналістам, што кіргізскае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Мінску не падпарадкоўваецца прэзідэнту Курманбеку Бакіеву. "Бакіеў уласнаручна падпісала адмову ад пасады прэзідэнта і таму страціў уладу", — падкрэсліла дыпламат.

Па словах кіргізскага амбасадара, часовы ўрад краіны «мае здольнасці і ўсе магчымасці, каб узяць сітуацыю ў Кыргызстане пад кантроль і спыніць беспарадкі», паведамляе «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«Новыя кіргізскія ўлады маюць падтрымку суседніх краін, у тым ліку і Расіі», — паведаміла Ішэнкуль Балджурава. Пасол таксама дадала, што прэзідэнт Кыргызстана ў пасольства ў Менску не прыходзіў і не звяртаўся туды ні з якімі пытаннямі.

Балджурава: Бакіеў — прыватны госць Лукашэнкі

На думку кіргізскага дыпламата, Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі ў статусе прыватнага госця беларускага лідара. Ішэнкуль Балджурава таксама паведаміла, што выдачы прэзідэнта Кыргызстана ўлады краіны могуць патрабаваць толькі пасля адкрыцця на яго крымінальнай справы і аб’вяшчэння ў вышук.

«На Бакіева крымінальную справа пакуль не адкрывалі, — адзначыла амбасадар. — Аднак цяпер у Кыргызстане ўзбуджана крымінальная справа супраць 23 паплечнікаў сына прэзідэнта Кыргызстана — Максіма Бакіева».

Пасольства Кыргызстана ў Беларусі будзе патрабаваць выдачы Курманбека Бакіева па дыпламатычных каналах, як толькі для гэтага з’явяцца прававыя падставы, дадала амбасадар, перадае БелаПАН.

Адказваючы на пытанне журналістаў пра нібы вывезеную з краіны Курманбекам Бакіевым суму ў памеры 200 млн. даляраў, Ішэнкуль Балджурава сказала, што гэта пакуль толькі неафіцыйныя дадзеныя.

Балджурава: часовы ўрад не адмаўляўся ад гуманітарнай дапамогі з Беларусі

Каментуючы  заяву прэзідэнта Кыргызстана аб тым, што часовы ўрад краіны адмаўляецца прымаць гуманітарную дапамогу ад Беларусі, кіргізскі дыпламат аспрэчыла гэтую інфармацыю. Па словах амбасадара, ад міністэрства замежных спраў Кыргызстана «ніякай пісьмовай адмовы ад гуманітарнай дапамогі з Беларусі не паступала».

Ішэнкуль Балджурава паведаміла таксама, што часовы ўрад краіны валодае дастатковымі сродкамі для кантролю над парадкам. «Цяпер усе сацыяльныя аб’екты ў Кыргызстане працуюць у звычайным рэжыме, усе сацыяльныя выплаты ажыццяўляюцца ў тэрмін і ў поўным аб’ёме», — праінфармавала пасол.

Кіргізскі дыпламат таксама падкрэсліла, што часовы ўрад актыўна ўзаемадзейнічае з ААН, АБСЕ, Еўрасаюзам і іншымі міжнароднымі арганізацыямі. «Яны выяўляюць падтрымку далейшаму дэмакратычнаму развіццю нашай краіны», — заявіла Ішэнкуль Балджурава.

Па словах амбасадара Кыргызстана ў Беларусі, новыя ўлады краіны гатовыя супрацоўнічаць «з усімі міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку СНД, АДКБ, ШАС (Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва)».

Как вам новость?
Головоломки