Пасольства ЗША: Беларусі трэба праверыць парушэнні падчас выбараў

30.04.2010 12:07
Архив Редакция

Пасольства ЗША заклікае беларускія ўлады "адкрыта і неперадузята" расследаваць і праверыць выпадкі парушэнняў падчас выбарчай кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. "Наколькі вядома пасольству, паведамленні пра парушэнні паступалі як у дзень выбараў, так і падчас падрыхтоўкі да выбараў", — адзначылі ў прэс-службе амерыканскай дыпмісіі.

У амерыканскай амбасадзе паведамілі, што, у прыватнасці, паступалі паведамленні пра «запалохванне і ціск на незалежных кандыдатаў, пра абмежаванні на правядзенне перадвыбарнай кампаніі, пра злоўжыванні падчас датэрміновага галасавання і падліку галасоў, а таксама пра абмежаванне дзейнасці мясцовых і міжнародных назіральнікаў», перадае БелаПАН.

«Калі выявіцца, што гэтыя скаргі абгрунтаваныя, то мясцовыя выбары могуць стаць упушчанай магчымасцю для Беларусі і яе народа», — заявілі ў пасольстве ЗША.

У дыпмісіі таксама нагадалі «пра канструктыўнае рашэнне беларускага кіраўніцтва запрасіць увесну мінулага года прадстаўнікоў БДІПЧ АБСЕ, грамадскіх арганізацый і палітычных партый да абмеркавання пытання аб тым, як наблізіць выбарчае заканадаўства Беларусі да міжнародных і еўрапейскіх стандартаў».

«На жаль, гэта супрацоўніцтва спынілася гэтак жа нечакана, як і пачалося, — падкрэслілі ў амерыканскай амбасадзе. — Выбарчы кодэкс быў прыняты без якога-небудзь папярэдняга грамадскага абмеркавання».

Амерыканскія дыпламаты выказалі надзею на тое, што «канструктыўны дыялог, пачаты ўвесну 2009 года, будзе адноўлены і пройдзе адкрыта і празрыста перад правядзеннем наступных выбараў».

Как вам новость?
Головоломки