Пасол Венесуэлы: пастаўкі нафты ў Беларусь — жэст салідарнасці

30.06.2010 17:00
Архив Редакция

Пасол Венесуэлы ў Беларусі Амерыка Дыяс Нуньес на прэс-канферэнцыі ў Мінску 30 чэрвеня заявіў, што кошт венесуэльскай нафты для Беларусі з'яўляецца камерцыйнай таямніцай, якая калі-небудзь стане відавочнай. Акрамя таго, па словах дыпламата, пастаўкі венесуэльскай нафты ў Беларусь з'яўляюцца жэстам салідарнасці.

Амбасадар Венесуэлы падкрэсліў, што іншыя краіны, краіны Лацінскай Амерыкі таксама атрымліваюць венесуэльскую нафту на льготных умовах. «Такія стратэгічныя пагадненні былі дасягнуты на ўзроўні кіраўнікоў нашых краінаў, яны стабільныя і рэнтабельныя, гэта жэст салідарнасці і падтрымкі беларускага народа», — заявіў Амерыка Нуньес, перадае БелаПАН.

«У 2009 годзе абмяркоўвалася сама магчымасць такіх паставак, у 2010 годзе — іх рэнтабельнасць. Адказ відавочны: калі б пастаўкі не былі рэнтабельныя, яны не ажыццяўляліся б», — дадаў дыпламат.

Акрамя таго, па словах пасла Венесуэлы ў Беларусі, была дасягнутая дамоўленасць аб пастаўцы ў Беларусь 10 млн. тон нафты ў 2011 годзе. Амерыка Нуньес таксама адзначыў, што сумеснае беларуска-венесуэльскае прадпрыемства «Петралера Белавенесалана» здабывае нафту на сталых і новых радовішчах у штатах Ансаатэгі і Сулія, яму былі перададзеныя разведаныя радовішчы для здабычы прыроднага газу.

Між тым, як паведамляў Тэлеграф, Беларусь не зможа выканаць плану па пастаўцы чатырох мільёнаў тон венесуэльскай нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў 2010 годзе. Прычына палягае ў тым, што тэхнічныя магчымасці порта Адэсы па прыёме нафты з мора для перавалкі на чыгунку дазваляюць прыняць максімум чатыры танкеры на месяц.
 
Пастаўкі нафты з Венесуэлы маркі «Санта-Барбара» у Беларусь працягнуцца. У ліпені чакаецца прыбыццё ў порт Адэсы яшчэ трох танкераў з венесуэльскай нафтай для Беларусі сукупным аб’ёмам каля 240 тыс. тон (па 80 тыс. тон на танкер).

Как вам новость?
Головоломки