Пасол Венгрыі: Беларусь не запрасіла дыпламатаў ЕС на свята 9 мая

10.05.2011 15:04
Архив Редакция

Амбасадары акрэдытаваных у Беларусі дзяржаваў Еўрасаюзу і прадстаўнік дыпмісіі ЗША 10 траўня ўсклалі кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі. У афіцыйным святкаванні 9 мая дыпламаты удзелу не бралі, бо іх на яго не запрасілі. Пра гэта распавёў журналістам Ферэнц Контра — кіраўнік амбасады Венгрыі, якая старшынюе ў ЕС.

«Мы не прыйшлі, таму што нас «забылі» запрасіць. Без запрашэння мы, вядома, не маглі прыйсці, таму ў пятніцу паінфармавалі службу пратаколу МЗС Беларусі, што прыйдзем 10 мая», — цытуе пасла БелаПАН.

«Трохі дзіўна, што хтосьці спрабуе падзяліць дыпламатычны корпус, і не паклікаў на цырымонію прадстаўнікоў краін антыгітлераўскай кааліцыі», — дадаў Ферэнц Контра.

Паводле паведамленняў афіцыйных беларускіх СМІ, няяўка еўрапейскіх паслоў на афіцыйную цырымонію святкавання Дня Перамогі паказвае на тое, што «ў Еўропе не зрабілі ніякіх высноваў адносна ваенных дзеянняў», і нават на падтрымку нацызму. Амбасадар Венгрыі лічыць, што такія заявы з’яўляюцца прапагандай і не могуць называцца журналісцкай працай.

МЗС не каментуе адсутнасць паслоў краін ЕС на святкаванні Дня Перамогі

У сваю чаргу міністэрства замежных спраў Беларусі не каментуе сітуацыю з адсутнасцю амбасадараў краін Еўрасаюза і ЗША на афіцыйным святкаванні Дня Перамогі. «Мы не будзем гэта каментаваць», — заявіў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Андрэй Савіных.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, Аляксандр Лукашэнка 9 мая абвясціў, што беларускае кіраўніцтва адкрыта для дыялогу з Еўропай. Ферэнц Контра паведаміў, што Еўрасаюз станоўча ставіцца да пытання аб супрацоўніцтве з Беларуссю, аднак тут ёсць перашкоды з боку беларускіх уладаў. «Мы таксама адкрыты, але чакаем, каб Беларусь вызваліла палітвязняў. Пакуль ёсць палітвязні, дыялог вядзецца толькі на тэхнічным узроўні», — растлумачыў ён.

Как вам новость?