Пасол Венгрыі: энергетычныя інтарэсы Беларусі і ЕС супадаюць

05.01.2011 14:02
Архив Редакция

Інтарэсы Еўрапейскага саюза і Беларусі ў пытаннях энергетычнай бяспекі супадаюць. Пра гэта 5 студзеня на прэс-канферэнцыі заявіў пасол Венгрыі ў Беларусі Ферэнц Контра. "Беларусь і ЕС зацікаўлены атрымліваць энергарэсурсы не з аднаго, а з розных крыніцаў. Мы зацікаўлены ў новых нафта- і газаправодах", — адзначыў ён.

Дыпламат заявіў, што і ЕС, і Венгрыя зацікаўлены ў з’яўленні новых краінаў, такіх як Туркменістан і Азербайджан, якія забяспечваюць Еўропу энергіяй. Ферэнц Контра таксама паведаміў, што тэма энергабяспекі ўваходзіць у лік прыярытэтаў Венгрыі ў перыяд яе старшынства ў ЕС, якое пачалося 1 студзеня, перадае БелТА.

Контра: ЕС зацікаўлены ў паўнапраўным удзеле Беларусі ва «Усходнім партнёрстве»

Прадстаўнік Венгрыі таксама адзначыў, што саміт, які мае адбыцца ў траўні ў Будапешце можа стаць падзеяй самага высокага ўзроўню ў перыяд старшынства Венгрыі ў ЕС. «Спадзяемся, што саміт «Усходняга партнёрства» будзе паспяховым. Хочам, каб Беларусь удзельнічала ў ім у якасці паўнапраўнага партнёра», — падкрэсліў ён.

У той жа час дыпламат адзначыў, што для ўдзелу ва «Усходнім партнёрстве» і яго парламенцкім вымярэнні Еўранэст ёсць пэўныя ўмовы. «Праца Еўранэст ў цяперашні час буксіруецца. Мы хочам, каб гэтая структура запрацавала, але прымусіць нікога не можам», — сказаў Ферэнц Контра.

Как вам новость?