Пастару царквы "Новае жыццё" пагражае турма за "псаванне земляў"

07.05.2010 15:20
Архив Редакция

Пастару мінскай царквы «Новае жыццё» Вячаславу Ганчарэнку пагражае турэмны тэрмін за нібыта псаванне земляў. Пра гэта расказаў юрыст царквы Сяргей Луканін. Юрыст таксама паведаміў, што нядаўна да будынка царквы прыязджалі чыноўнікі і папярэдзілі, што паводле артыкула 249 КК Беларусі псота земляў караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў.

Па словах Сяргея Луканіна, чыноўнікі прыязджалі шостага траўня на чале са старшынём Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандрам Баравіковым.
«У канцы гутаркі Баравікоў параіў падумаць, якім пакараннем у адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь можа пагражаць псаванне земляў, якое выклікала прычыненне шкоды ў асабліва вялікіх памерах», — цытуе БелаПАН словы юрыста.
Па словах Сяргея Луканіна, гэтым разам эколагаў зацікавіў газон для дзіцячай пляцоўкі, зроблены за будынкам царквы. Чыноўнікі заявілі, што гэта з’яўляецца псотай верхняга ўрадлівага пласта зямлі. Да абвінавачанняў дадалося таксама ўладкаванне аўтамабільнай стаянкі і пад’язной дарогі, перадае newlife.by.
Довады юрыста царквы пра тое, што і стаянка, і дарога існавалі на гэтым месцы задоўга да набыцця абшчынай будынка былога кароўніка, чыноўнікаў не зацікавілі. «Вы ўсё гэта зможаце сказаць у судзе, які і будзе вырашаць, якім чынам вас пакараць, — заявіў Аляксандр Баравікоў, дадаўшы, што царква «далёка не адзіная юрыдычная асоба, да якой ёсць прэтэнзіі». 
«Напрыклад, мы падалі пазоў да Мінскага маторнага завода на суму 15 мільёнаў рублёў», — сказаў старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Аднак на пытанне, як так атрымалася, што царква нанесла прыродзе шкоду амаль у 17 разоў большую, чым Маторны завод, чыноўнік нічога не адказаў.
Сяргей Луканін паведаміў таксама, што царкву чакаюць некалькі судовых працэсаў, першы з якіх пачнецца 12 траўня ў будынку Гаспадарчага суда. У вызначэнні суддзі Гаспадарчага суда Алега Клюйко, якое атрымала царква, гаворыцца, што «маецца дастаткова падстаў для распачынання працэсу па спагнанні з царквы 249,5 млн. рублёў па патрабаванні чыноўнікаў ад экалогіі».

Как вам новость?
Головоломки