Пастухоў: беларусы жывуць па ўказцы аднаго чалавека

18.03.2010 09:24
Архив Редакция

Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў лічыць, што ў Беларусі не працуе большасць артыкулаў Канстытуцыі. На думку юрыста, асабліва не працуюць тыя артыкулы, якія прадугледжваюць правы і свабоды грамадзян. "Усё адбываецца ў адпаведнасці з указамі прэзідэнта. Гэта значыць, мы жывём па ўказцы адной асобы", — упэўнены былы суддзя.

«Натуральна, нейкія прававыя нормы дзейнічаюць. Але як юрыст я магу сказаць, што пануючую ролю ў нас займаюць акты прэзідэнта. Фактычна, яго ўказанні, аформленыя ў дэкрэтах, указах, распараджэннях, дырэктывах — яны вяршэнствуюць. А ўсё астатняе заканадаўства носіць падпарадкаваны характар», — упэўнены спецыяліст.

«У Беларусі не працуюць артыкулы, якія прадугледжваюць прынцып падзелу ўлад, вяршэнства права закона, павагу да правоў чалавека, да міжнародных стандартаў. Не працуюць, самае галоўнае, канстытуцыйныя гарантыі правоў і свабод», — падкрэсліў Міхаіл Пастухоў.

«Мне здаецца, што задачай бліжэйшага часу павінна стаць тое, каб Канстытуцыя стала непасрэдна дзейсным заканадаўчым актам. Каб грамадзяне маглі спасылацца на тыя або іншыя артыкулы і патрабаваць выканання сваіх правоў. Каб дзяржаўныя органы выконвалі свае абавязкі перад грамадзянамі і грамадствам», — адзначыў спецыяліст.

На думку юрыста, ад дзеянняў улады залежыць тое, наколькі функцыянуе тая або іншая прававая сістэма, як выконваюцца правы і свабоды грамадзян, таму прамую адказнасць за выкананне Канстытуцыі нясе дзейсная ўлада, паведамляе Euramost.org.

Міхаіл Пастухоў мяркуе, што беларусам проста неабходны змены ў жыцці. «У першую чаргу — у палітычным жыцці. Неабходна зрабіць усё, каб Канстытуцыя, як, зрэшты, і астатнія законы, у нас зарабілі ў поўную моц. Для гэтага, я лічу, трэба вярнуцца да Канстытуцыі сапраўднай, Канстытуцыі, прынятай 15 сакавіка 1994 года. Калі яна будзе вернутая, у нас пачнецца адраджэнне незалежнай беларускай дзяржаўнасці», — упэўнены былы суддзя Канстытуцыйнага суда.

Как вам новость?
Головоломки