Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі пачалі збор подпісаў

30.09.2010 10:11
Архив Редакция

Сёння, 30 верасня, ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на прэзідэнцкі пост пачалі збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Збор подпісаў будзе доўжыцца да 29 кастрычніка ўключна. Пра гэта паведамілі ў Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі.

Для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты ініцыятыўнай групе неабходна сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў у яго падтрымку. Збіраць подпісы будуць 17 ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Самая маленькая ініцыятыўная група ў загадчыка лабараторыі абсталявання ядзерных энергетычных установак Аб’яднанага інстытуту энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» Івана Кулікова — у яе ўвайшло ўсяго 107 чалавек. А самую шматлікую ініцыятыўную групу зарэгістраваў лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч — у яе ўвайшло 10 443 чалавекі. Дастаткова вялікую ініцыятыўную групу патрапіў сабраць і дзейны прэзідэнту Беларусі Аляксандр Лукашэнка — 8403 чалавек.

У той жа час у склад ініцыятыўнай групы інжынера-будаўніка Пятра Барысава ўвайшло 110, начальніка сектару знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ «Віцебскі плодагароднінны камбінат» Сяргея Рыжова — 123, беспрацоўнага Сяргея Іванова — 129 чалавек.

Ініцыятыўная група індывідуальнага прадпрымальніка з Віцебску Уладзіміра Правальскага зарэгістраваная ў складзе 187 чалавек, першага намесніка старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Юрыя Глушакова — 244 чалавекі.

Дастаткова шматлікія ініцыятыўныя групы старшыні савета Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктара Цярэшчанкі (1 301 чалавек), намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва (1 306), дырэктара ТДА «Трывіум» Дзмітрыя Уса (1 354), намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука (1 465), лідара аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалая Статкевіча (1 547), сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага (1 700), старшыні аргкамітэту па стварэнні саюза «За мадэрнізацыю» Алеся Міхалевіча (1 795), лідара кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава (2 003) і лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева (3 271).

На думку палітолагаў, найбольшыя шанцы сабраць 100 тыс. подпісаў у тых прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, чые ініцыятыўныя групы налічваюць больш за 1,5 тыс. чалавек.

ЦВК: збіраць подпісы могуць толькі зарэгістраваныя члены груп

У ЦВК Беларусі падкрэслілі, што права збіраць подпісы ёсць толькі ў зарэгістраваных членаў ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў. Усе яны атрымалі ў Цэнтрвыбаркаме адпаведныя пасведчанні членаў ініцыятыўнай групы і падпісныя лісты, перадае БелТА.

Збіраючы подпісы, удзельнікі ініцыятыўных груп могуць прадстаўляць выбаршчыкам для азнаямлення інфармацыйныя матэрыялы аб патэнцыйных кандыдатах. Аднак ім забаронена раздаваць якія-небудзь друкаваныя матэрыялы, паколькі гэта будзе расцэнена як агітацыя, у той час як яна пачнецца толькі пасля афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты.

Аддаваць галасы ў падтрымку той ці іншай асобы, якая хоча балатавацца на выбарах, могуць толькі грамадзяне старэйшыя за 18 гадоў. Кожны выбаршчык мае права паставіць подпіс у падтрымку некалькіх кандыдатур, але толькі адзін раз у падтрымку адной і той жа кандыдатуры, растлумачылі ў ЦВК.

ЦВК: выбаршчыкі павінны ўласнаручна паставіць подпіс

У падпісным лісце трэба абавязкова паказваць поўныя дадзеныя выбаршчыкаў (прозвішча, імя і імя па бацьку, дату нараджэння, месца жыхарства, серыю і нумар пашпарта). Запісаць гэтыя дадзеныя ў падпісны ліст можа як сам выбаршчык, так і члены ініцыятыўнай групы, але подпіс і дату павінен уласнаручна ўказаць выбаршчык.

ЦВК настойліва рэкамендуе ўсім грамадзянам пераканацца ў тым, што на адным баку падпіснога ліста ўказаныя звесткі менавіта аб тым патэнцыйным кандыдаце, якога яны падтрымліваюць.

Згодна з каляндарным планам выбараў непасрэдна рэгістрацыя кандыдатаў павінна прайсці з 14 па 23 лістапада. У ЦВК запэўнілі, што будуць прыкладзены ўсе намаганні, каб зарэгістраваць кандыдатаў да 19 лістапада і каб яны змаглі за месяц да выбараў пачаць агітацыю.

Как вам новость?