Патрабаванні Аўтуховіча, які галадае, часткова выканалі

22.06.2010 10:47
Архив Редакция

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, які знаходзіцца ў мінскім следчым ізалятары № 1 і абвясціў галадоўку, дамогся частковага выканання сваіх патрабаванняў. Па словах адваката Паўла Сапелкі, яго падабароннаму 22 чэрвеня паабяцалі сустрэчу з намеснікам начальніка дэпартамента выканання пакаранняў міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.

Да гэтага Мікалай Аўтуховіч звяртаўся да чыноўніка з пісьмовай заявай, у якой прасіў медыцынскай дапамогі. Аднак, адказу не было. Ваўкавыскі прадпрымальнік лічыць, што ягоны ліст наогул не пакідаў муроў следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага, дзе трымаюць бізнэсоўца, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Па словах Паўла Сапелкі, стан здароўя Мікалая Аўтуховіча здавальняючы, хаця першыя наступствы галадоўкі ўжо адчуваюцца. «У Аўтуховіча круціцца і баліць галава, турбуе страўнік», — распавёў адвакат.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, у Мікалая Аўтуховіча пастаянныя праблемы з зубамі, яму неабходна пратэзаванне, але належную медыцынскую дапамогу ў мінскім следчым ізалятары, дзе ён знаходзіцца больш за год, яму не аказваюць.

Рашэнне пра галадоўку Мікалай Аўтуховіч прыняў 16 чэрвеня пасля таго, як яму адмовілі ў патрабаванні аказаць неабходную медыцынскую дапамогу.

Гэта ўжо не першая галадоўка ваўкавыскага бізнэсоўца. Раней, у знак пратэсту супраць незаконнага, на яго думку, арышту Аўтуховіч ужо галадаў больш за 90 дзён, страціўшы за гэты час 30 кілаграмаў вагі.

Как вам новость?
Головоломки