Пазняк: Някляеў паставіў Еўропу ў няёмкае становішча

04.11.2010 14:45
Архив

Лідар Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі-БНФ Зянон Пазняк падзякаваў лідару грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзіміру Някляеву за ягоны зварот да міністраў замежных спраў Польшчы і Германіі. Просьба палітыка аб прадстаўленні гарантый бяспечнага вяртання ў Беларусь палітычных эмігрантаў, па словах Зянона Пазняка, "паставіла Еўропу ў няёмкае становішча".

«»Еўропа» толькі што з разуменнем паразмаўляла з Масквой і прыехала праінфармаваць Лукашэнку: маўляў, адна ўмова — правядзі прыгожа і дэмакратычна свае выбары, мы цябе прызнаем і ўсё даруем, і шмат дамо (тры мільярды еўра, а то і больш). За тры мільярды (будзьце спакойны) ён правядзе выбары не толькі «дэмакратычныя», але і элегантныя, «таму што вы так хочаце», як сказаў ім «правіцель»», — заявіў Зянон Пазняк.

«І ўсё ідзе, як па маслу. Ужо дзесяць патэнцыйных прэзідэнтаў гарцуе на выбарчым іпадроме. Вакол «дэмакратыя» і інтэрв’ю. Подпісы па закліку Лукашэнкі сабралі для прэтэндэнтаў ўсім народам (гэтак ён кажа). І ў гэты прыемны момант Някляеў прапануе раптам вярнуць Пазняка з яго байкотам ўсёй іхняй камедыі», — цытуе апазіцыйнага палітыка беларуская служба Радыё «Свабода».

Лідар КХП-БНФ лічыць, што ў такой сітуацыі Еўропа Уладзіміра Някляева «не паставіць на ролю спадара Мілінкевіча» (лідара Руху «За Cвабоду» Аляксандра Мілінкевіча — Тэлеграф). «Праўда, ён як быццам на яе і не прэтэндуе. Затое спадар Саннікаў (лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў — Тэлеграф) парадуецца. Тым больш што працэнты для іх галасоў вызначыць той, хто за абяцаную суму праводзіць «дэмакратычныя» выбары. Такая вось Realpolitik», — адзначыў апазіцыйны палітык.

Зянон Пазняк перакананы, што змагацца з палітычнай сітуацыяй у Беларусі можна толькі байкотам, гэта значыць «непрызнаннем ўсёй гэтай непрыстойнасці, гуртаваннем грамадскай альтэрнатывы».

«Калі гаварыць больш сур’ёзна, то я шчыра ўдзячны спадару Някляеву. За 14 з паловай цяжкіх гадоў ён — першая асоба ў палітыцы, якая паставіла пытанне аб палітычных гарантыях майго вяртання. Усе спее, братове, і наперадзе — перамога», — заявіў Зянон Пазняк.